Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 чэрвеня 2017, 18:03

Глядач з Сербіі прыляцеў у Мінск на прэм'еру мультфільма "Маленькі прынц" на беларускай мове

27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Глядач з Сербіі прыляцеў у Мінск паглядзець мультфільм "Маленькі прынц" у беларускай агучцы і набыць беларускае выданне кнігі для сваёй калекцыі гэтага твора, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары праекта "Беларускія ўікенды".

Праект "Беларускія ўікенды", які прапануе гледачам убачыць замежныя карціны ў беларускай агучцы, набірае ўсё большую папулярнасць, у прыватнасці французскі мультфільм "Маленькі прынц" паглядзелі ў Мінску 23-25 чэрвеня больш за 2 тыс. чалавек, білеты на ўсе сеансы былі раскуплены.

Як расказаў кіраўнік праекта "Беларускія ўікенды" Андрэй Кім, на паказ у Мінск адзін з гледачоў спецыяльна прыляцеў з Сербіі, каб паглядзець мультфільм і набыць беларускую версію кнігі "Маленькі прынц" для сваёй калекцыі. Яна ўключае 40 выданняў "Маленькага прынца" на розных мовах свету, і цяпер сярод іх будзе і беларускае.

Выданне "Маленькага прынца" ў перакладзе на беларускую мову з аўтарскімі малюнкамі арганізатары "Беларускіх уікендаў" сумесна з кампаніяй velcom выпусцілі спецыяльна да дня нараджэння Антуана дэ Сент-Экзюперы. Наведвальнікі паказаў "Маленькага прынца" маюць магчымасць не толькі паглядзець мультфільм, але і набыць аднайменную кнігу ў перакладзе Ніны Мацяш на беларускую мову.

"Перавыданне кнігі "Маленькі прынц" дае магчымасць яшчэ раз звярнуць увагу беларусаў на гэты цудоўны твор і не менш цудоўны беларускі пераклад. І той факт, што кнігі так хутка разышліся на паказах, даказвае, што мы на правільным шляху. Па ініцыятыве velcom частка тыражу будзе перададзена ва ўстановы адукацыі і бібліятэкі, каб яшчэ больш дзяцей і дарослых маглі чытаць сусветную класіку на роднай мове", - адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў.

Арганізатары паведамілі аб дадатковым сеансе мультфільма 28 чэрвеня ў сталічным кінатэатры "Масква". Сеансы "Маленькага прынца" на беларускай мове адбудуцца таксама ў Гродне (28-30 ліпеня) і Магілёве (4-6 жніўня). Плануецца паказ у Гомелі. Іх наведвальнікі таксама змогуць набыць друкаваную версію кнігі на беларускай мове.

Праект "Беларускія ўікенды" рэалізуе ініцыятыўная група "Кінаконг" пры падтрымцы "Атлант Тэлекам" і velcom. Агучваюць на беларускую мову фільмы вядомыя беларускія акцёры: Павел Харланчук, Ганна Хітрык, Святлана ЦІмохіна, Алесь Малчанаў і інш.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі