Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 красавіка 2018, 12:41

Гледачы X Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек змогуць убачыць 14 пастановак з сямі краін

11 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гледачы X Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек, які пройдзе 18-21 мая ў Мінску, змогуць убачыць 14 пастановак з сямі краін, паведаміў журналістам мастацкі кіраўнік форуму, галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксей Ляляўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выбар пастановак на фестываль грунтаваўся на тым, наколькі работа адлюстроўвае культуру краіны. Гэта быў галоўны арыенцір, а ўзрост аўдыторыі, якой адрасавана пастаноўка, не з'яўляўся вызначальным фактарам.

Пры гэтым большасць пастановак адрасаваны дарослай аўдыторыі, фестывальная праграма дасць магчымасць пазнаёміць гледачоў з жанравай разнастайнасцю сучаснага тэатра лялек. У праграме заяўлены спектаклі, якія ўяўляюць смелае спалучэнне харэаграфіі, пантамімы і класічных форм тэатра.

Кожны дзень у час фестывалю гледачы змогуць убачыць чатыры пастаноўкі, за выключэннем першага дня, калі будзе паказана дзве. Упершыню ў фестывалі ўдзельнічаюць калектывы з Ірана, Балгарыі, Іспаніі. Падзяліцца сваёй творчасцю прыедуць лепшыя тэатральныя кампаніі Францыі, Ізраіля, Расіі і ўсе дзяржаўныя тэатры лялек Беларусі.

Вельмі яркай абяцае быць беларуская праграма форуму. Айчынныя калектывы прадставяць работы, створаныя на стыку традыцый і эксперымента.

У дзіцячай праграме будуць кранальныя пастаноўкі з Ізраіля ("Кравец", The Train Theater) і Віцебска ("Умка", Беларускі тэатр "Лялька").

У час фестывалю запланаваны майстар-класы і дыскусіі з гледачамі і крытыкамі. Цікавую праграму тэатральнай музыкі рыхтуе група "Нагуаль". Прагучаць кампазіцыі, напісаныя спецыяльна для тэатраў лялек.

Спектаклі форуму пройдуць на пяці пляцоўках горада - Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, Новага драматычнага тэатра, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а таксама на малой сцэне Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра і камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Аляксей Ляляўскі адзначыў, што адсутнасць пастаянна дзеючай дырэкцыі фестывалю ўскладняе работу па фарміраванні праграмы, паколькі часам магчымасць запрашэння некаторых калектываў адсутнічае не па прычыне няхваткі сродкаў з боку арганізатараў, а па прычыне несупадзеяння графікаў выступлення тэатраў і тэрмінаў форуму. Перагаворы па арганізацыі выступленняў працяглыя, і за некалькі месяцаў падрыхтоўкі фестывалю далёка не заўсёды атрымліваецца запрасіць той ці іншы калектыў з-за яго распланаванага наперад календара выступленняў, растлумачыў мастацкі кіраўнік форуму.

Арганізатарамі фестывалю, што праводзіцца раз у два гады, выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі