Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 ліпеня 2019, 13:01

Гастрольны тур спектакля "Радзіва "Прудок" Купалаўскага тэатра пачаўся з аншлагаў у Брэсце

18 ліпеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы 17 ліпеня з аншлагам прайшлі два паказы пастаноўкі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы "Радзіва "Прудок", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паказ нашумелага спектакля купалаўцаў прайшоў на сцэне Вялікай залы БАТД. Тут жа размясціліся і гледачы, крэслы для якіх расставілі па перыметры пляцоўкі. Камернасць абстаноўкі, адсутнасць мяжы паміж сцэнай і глядзельнай залай дала магчымасць усім удзельнікам дзейства адчуць сябе часткай цэлага, знайшоўшы ў сабе "палескі ген".

Спектакль "Радзіва "Прудок" створаны паводле аднайменнай кнігі пісьменніка Андрэя Горвата. У ёй у фармаце мастацкіх facebook-дзённікаў аўтар расказвае пра свой пераезд з Мінска ў дом дзеда ў вёсцы Прудок Калінкавіцкага раёна, пра вяртанне да каранёў і роднай зямлі.

"Нам вельмі спадабалася кніга Андрэя Горвата, тое, як ён разважае, думае, адчувае. Больш за год таму, калі работа над пастаноўкай толькі пачыналася, ніхто з нас нават не марыў пра гучны поспех і аншлагі ў залах: мы проста рабілі справу, якой літаральна жылі, дыхалі. І я шчыра рады, што цяперашняе творчае падарожжа спектакля "Радзіва "Прудок" пачалося на такой цёплай ноце", - падзяліўся з журналістамі аўтар інсцэніроўкі рэжысёр Раман Падаляка.

У пастаноўцы заняты тры акцёры: Міхаіл Зуй іграе галоўнага героя, Святлана Анікей і Дзмітрый Есяневіч выконваюць ад чатырох да васьмі роляў. Спектакль запамінаецца не толькі бліскучай акцёрскай работай - яго атмасферу паспяхова дапаўняюць 50 арыгінальных музычных трэкаў, напісаных самімі ўдзельнікамі трупы ў складзе Pilip.studio, а таксама намаляваныя ад рукі складаныя светлавыя праекцыі. Касцюмы стварыла сцэнограф Кацярына Шымановіч, дарэчы, за іх мастак атрымала ганаровую прэмію імя Івана Ушакова.

Паказамі спектакля ў Брэсце купалаўцы пачалі дзесяцідзённы гастрольны тур "Палескія хронікі". У рамках туру "Радзіва "Прудок" 20 ліпеня змогуць убачыць гледачы ў Пінску, 23 ліпеня - у Калінкавічах і 26 ліпеня - у Гомелі.

Падтрымку пастаноўцы спектакля аказала Міністэрства культуры, генеральным партнёрам праекта выступіла кампанія velcom.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі