Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 чэрвеня 2019, 12:50

Фотапартрэты Шагала, Маякоўскага, Цвятаевай, Манэ пакажуць на выставе ў Мінску

3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Пётр Шумаў. Вяртанне дадому" адкрыецца ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры 4 чэрвеня, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

"Лёс многіх таленавітых беларусаў звязаны з вымушанай эміграцыяй. Так склалася і жыццё ўраджэнца Гродна Пятра Шумава - аднаго з самых знакамітых фатографаў Еўропы першай трэці ХХ стагоддзя, асабістага фатографа Агюста Радэна", - расказалі ў музеі.

На выставе прадставяць копіі 33 фатаграфій, выкананых Пятром Шумавым, з парыжскага фонду Parisienne de Photographie - Roger-Viollet. "У 1920-я гады Шумаў фатаграфаваў выдатных мастакоў, кампазітараў, пісьменнікаў, палітыкаў. Партрэты Марка Шагала, Льва Бакста, Уладзіміра Маякоўскага, Марыны Цвятаевай, Альберта Эйнштэйна, Клода Манэ і іншых змогуць убачыць мінчане і госці сталіцы. Гэтыя фатаграфіі даюць поўнае ўяўленне аб таленце партрэтыста Пятра Шумава і яго ўкладзе ў сусветную культуру", - адзначылі арганізатары.

Акрамя таго, наведвальнікаў экспазіцыі пазнаёмяць з матэрыяламі аб культурнай дзейнасці беларускіх музычных і тэатральных калектываў у Парыжы, перададзеных у дар музею экс-паслом Беларусі ў Францыі Паўлам Латушкам.

Выстава "Пётр Шумаў. Вяртанне дадому" будзе працаваць па 30 чэрвеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі