Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 верасня 2018, 16:09

Фота з палескага архіва Зофіі Хамянтоўскай прадставяць на выстаўцы ў Мінску

25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На выстаўцы фатаграфій "З палескага архіва Зофіі Хамянтоўскай" у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі пакажуць фільм пра аўтара, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў музеі.

Выстаўка адкрываецца 4 кастрычніка і будзе працаваць па 28 кастрычніка.

Архіў Зофіі Хамянтоўскай, якая з'яўляецца адным з ключавых фатографаў міжваеннага перыяду, з 2008 года знаходзіцца ў апрацоўцы фонду "Археалогія фатаграфіі". У вялікай калекцыі, што налічвае каля 6 тыс. 500 негатываў і 4 тыс. 500 пазітываў, захавалася не так шмат выставачных адбіткаў. Большасць з іх не перажыла вайну. Уцалелыя здымкі - гэта невялікія аўтарскія "кантролькі", якія паказваюць перш за ўсё працэс работы фатографа і яе аўтарскі адбор любімых кадраў.

Экспазіцыя прадстаўляе некалькіх дзясяткаў з іх. Фатаграфіі невялікага фармату 1928-1933 гадоў паказваюць радавы маёнтак Зофіі Хамянтоўскай у Парахонску пад Пінскам, таксама можна будзе ўбачыць шматлікія пейзажы ў піктарыяльнай эстэтыцы, зробленыя лейкай, і здымкі, якія дакументуюць жыццё мясцовых жыхароў.

Прэзентацыя будзе суправаджацца паказам фільма "Я здымаю". Гэта ўнікальны матэрыял, сабраны з фрагментаў стужак Хамянтоўскай канца 1920-х гадоў, які прадстаўляе асабістае жыццё фатографа, яе сям'і і сяброў. Кароткаметражны фільм быў зманціраваны са знойдзеных у архівах унікальных дакументальных кадраў, знятых самой мастачкай. Аўтарскі каментарый да фільма напісаў Мікалай Лазінскі. Гэты матэрыял, як і сам факт зняцця фільмаў Хамянтоўскай, доўга заставаўся невядомым, хоць на выстаўцы ў Познані фатограф дэбютавала не паказам здымкаў, а менавіта фільмам.

Здымкі ўпершыню былі прадстаўлены на выстаўцы "Маёнтак. Скульптуры з калекцыі сям'і ван Роўз, а таксама фільмы і фатаграфіі з архіва Зофіі Хамянтоўскай" у Польшчы ў 2015 годзе.

У Мінску спадчына фатографа Зофіі Хамянтоўскай будзе прэзентавана другі раз. Першая выстаўка адбылася восенню 2011 года.

Экспазіцыя "З палескага архіва Зофіі Хамянтоўскай" у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі праводзіцца ў дні Месяца фатаграфіі ў Мінску.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі