Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 лістапада 2017, 10:47

Фільм "Скарына" прэзентавалі ў Мінску

10 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фільм "Скарына" прэзентавалі 9 лістапада ў кінатэатры "Беларусь" у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта карціна стала новым прачытаннем гісторыі жыцця беларускага першадрукара. Аўтар сцэнарыя - лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі ўладальнік медаля Францыска Скарыны Наталля Голубева ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА адзначыла, што фільм стаў дапаўненнем да многіх работ пра Скарыну, якія былі створаны ў бягучым годзе, што праходзіць пад знакам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

"Былі драматургічныя творы, былі друкаваныя, журналісцкія расследаванні. Перад намі стаяла даволі складаная задача. Спачатку планавалася, што гэта будзе дакументальны, дакументальна-ігравы фільм. Але мы вырашылі пайсці на эксперымент", - сказала сцэнарыст. У выніку атрымалася 26-хвіліннае ігравое кіно. У аснове сюжэта - адзін дзень з жыцця Францыска Скарыны, напоўнены драматызмам, перажываннямі, марамі і надзеямі. Фінал адкрыты, каб у гледача была магчымасць разважаць.

Пра Скарыну вядома вельмі мала. Апошнім часам з'явіліся новыя факты пра жыццё асветніка, якія яшчэ давядзецца даследаваць. "Таму спыняцца на тым, што ён памёр і быў пахаваны ў Чэхіі... Мы не ўзялі на сябе такую адказнасць, а пакінулі фінал адкрытым для творчасці", - дадала Наталля Голубева.

Паводле слоў рэжысёра Аляксея Раковіча, Скарына не павінен успрымацца сучаснікамі толькі на гравюры з падручніка гісторыі, фільм стаў спробай зрабіць гэту асобу бліжэйшай да гледача.

На прэзентацыі праекта 9 лістапада сабраліся вучоныя, творчая інтэлігенцыя, паслы, дэпутаты. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Чэхіі Мілан Экерт, у прыватнасці, падкрэсліў, што нельга забываць гісторыю такіх вялікіх людзей, як Скарына, і заўсёды трэба вяртацца да друкаванага слова.

У фільме заняты беларускія акцёры Ігар Дзянісаў, Святлана Зелянкоўская, Ілья Ясінскі і інш. Ролю Францыска Скарыны выканаў Аляксандр Абрамовіч. Кіно створана па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі Беларусі і заказе ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" пры падтрымцы СП ЗАТ "Юнісан".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі