Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
30 жніўня 2017, 17:00

Фільм "Першадрук" паказвае Беларусь часткай еўрапейскай прасторы

30 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У новым дакументальным фільме "Першадрук" Беларусь паказана часткай еўрапейскай культурнай прасторы, расказаў журналістам на прэзентацыі фільма аўтар сцэнарыя Уладзімір Мароз, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў сцэнарыста, работа над карцінай камандзе прынесла вялікае задавальненне. Гэта не біяграфічны фільм, паколькі многае пра Францыска Скарыну не вядома. Але ўяўленне першадрукара аб беларусах як частцы еўрапейскай культурнай прасторы пацвярджаецца ўсёй яго дзейнасцю. Галоўная ідэя фільма заключаецца ў неабходнасці яднання ўсіх канфесій і народаў, адзначыў Уладзімір Мароз. Яшчэ шмат трэба асэнсаваць у разуменні значнасці фігуры Скарыны, і фільм беларускіх дакументалістаў - магчымасць для гледачоў задумацца над важнымі для ўсіх каштоўнасцямі.

Фільм зняты рэжысёрам Ігарам Чышчэнем на студыі "Летапіс" Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". Акрамя работы сцэнарыста і рэжысёра кінакрытыкі адзначаюць здымкі аператара Аляксандра Акавіцкага і музыку, спецыяльна напісаную да фільма Аляксандрам Круцелем.

Прэм'ера дакументальнага фільма "Першадрук" да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання адбудзецца ў Дзень беларускага пісьменства 3 верасня ў Полацку. Паказ у кінатэатры "Радзіма" пачнецца ў 11.00. У гэты ж дзень работу беларускіх кінадакументалістаў змогуць убачыць тэлегледачы канала "Беларусь 3". У эфіры фільм заяўлены ў 10.00. Гледачы беларускай сталіцы атрымаюць магчымасць азнаёміцца з карцінай 4 верасня ў 14.30 у Доме кіно.

Фільм "Першадрук" агучаны на беларускай мове, ёсць версія з рускамоўным дубляжом і субтытрамі на англійскай.

Новы фільм пра Францыска Скарыну плануецца прапанаваць для паказу на тэлеканале "Культура" (Расія), а таксама на шэрагу фестываляў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі