Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 лістапада 2017, 13:06

Фестываль "Разам мы зможам больш" садзейнічае развіццю культурнага супрацоўніцтва ў СД - Чэрнік

23 лістапада, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Беларуска-расійскі фестываль творчасці інвалідаў "Разам мы зможам больш" садзейнічае развіццю супрацоўніцтва і захаванню агульнай культурнай прасторы Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым заявіў 22 лістапада на адкрыцці мерапрыемства ў Магілёве начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Беларусі Васіль Чэрнік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У мерапрыемстве Саюзнай дзяржавы прымаюць удзел творчыя дэлегацыі з усіх абласцей Беларусі, Мінска і шасці рэгіёнаў Расіі: калектывы мастацкай творчасці, індывідуальныя выканаўцы, прадстаўнікі сферы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, якія прыехалі ў Магілёў, каб паказаць сваё майстэрства і талент. Сапраўды, вы вельмі таленавітыя людзі, трэба сказаць вялікі дзякуй, што, нягледзячы на ўсе складанасці, вы робіце самае добрае - дорыце людзям радасць", - адзначыў Васіль Чэрнік.

Ён павіншаваў удзельнікаў з тым, што гэты форум прыйшоў на беларускую зямлю. Усе папярэднія фестывалі праходзілі на тэрыторыі Расіі. "Нам вельмі прыемна, што Беларусь, а менавіта былая культурная сталіца краін СНД Магілёў, прынялі гэту эстафету, і спадзяёмся, што высокі арганізацыйны ўзровень мерапрыемства будзе садзейнічаць раскрыццю новых талентаў", - выказаў упэўненасць прадстаўнік Міністэрства культуры.

Васіль Чэрнік прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці выстаўкі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і вечары дружбы "Ад сэрца да сэрца", на якім дэлегацыі прадставілі свае візітныя карткі.

На працягу пяці фестывальных дзён яго ўдзельнікі (усе яны пераможцы нацыянальных, рэспубліканскіх, краявых і рэгіянальных фестываляў і конкурсаў) прадэманструюць творчыя дасягненні ў розных намінацыях: народныя, акадэмічныя і эстрадныя, жэставыя спевы, харэаграфія, тэатральны жанр, музычна-інструментальнае выкананне, паэзія і бардаўская песня, дэкаратыўна-прыкладное і выяўленчае мастацтва, арыгінальны жанр.

23 і 24 лістапада пройдуць Дзень Беларусі і Дзень Расіі, 25 лістапада запланавана прэс-канферэнцыя ўдзельнікаў і арганізатараў фестывалю, гала-канцэрт "Творчасць без межаў" і ўзнагароджванне пераможцаў.

Заснавальнікі фестывалю - Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міністэрства культуры Беларусі, Міністэрства культуры Расіі. Арганізатарам выступае Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі