Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 снежня 2015, 15:00

Фестываль імя Івана Салярцінскага падтрымлівае традыцыі класічнай музыкі ў Віцебску

4 снежня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Міжнародны музычны фестываль імя Івана Салярцінскага падтрымлівае агонь класічнай музыкі ў Віцебску. Такое меркаванне выказаў сёння сын вядомага музыказнаўца Дзмітрый Салярцінскі, адкрываючы навуковыя чытанні 27-га па ліку фестывалю ў Віцебскай абласной філармоніі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў аднаго з ідэйных натхніцеляў і куратара форуму, класічная музыка хоць і нялёгкая для ўспрымання, але яна патрэбна, што пацвярджаецца стагоддзямі яе гісторыі. Яна змякчае душы, развівае інтэлект. "Дзе ж займацца класічнай музыкай? Яе хтосьці павінен падтрымліваць, як агонь. Патрэбны перш за ўсё канцэрты. Добра ў тых гарадах, дзе ёсць сімфанічныя аркестры, кансерваторыі. Цяпер у Віцебску ёсць свой аркестр, але ён пакуль на сусветным узроўні як студэнцкі, і каледж таксама яшчэ маладзёжны. Патрэбна кансерваторыя. З цягам часу, лічу, у Віцебску яна будзе. Затое ў горада ёсць унікальны фестываль, які, няхай на ўзроўні канцэртаў, падтрымлівае агонь класічнай музыкі - неабходнага элемента грамадства", - адзначыў Дзмітрый Салярцінскі.

Ён дадаў, што ёсць розныя грані і функцыі мастацтва, і добра, што ў Віцебска ёсць таксама "Славянскі базар", які забаўляе людзей, дае пляцоўку для душэўных народных гулянняў. І, можа, невыпадкова так супала, што час для "радаснай" эстрады выбраны летам, а для "суровай" класікі - у снежні.

XXVII Міжнародны музычны фестываль імя Івана Салярцінскага праходзіць у Віцебскай абласной філармоніі 1-18 снежня. Паводле слоў аднаго з арганізатараў, дацэнта кафедры тэорыі музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Нэлі Мацаберыдзэ, фестываль прадаўжае традыцыі "віцебскага рэнесансу пачатку ХХ стагоддзя", беражліва захоўваючы і ўмацоўваючы шматгадовыя музычна-мастацкія традыцыі і ўключаючы Віцебск у гастрольныя маршруты вядомых сусветных выканаўцаў.

Напрыклад, унікальным можна назваць канцэрт адкрыцця 3 снежня: у дзень нараджэння Івана Салярцінскага ў віцебскай філармоніі гучала трыа Шастаковіча "Памяці І.І.Салярцінскага" і твор амерыканскага кампазітара Копленда, прысвечаны Віцебску. "Ноты гэтага твора знаходзяцца з аўтографам у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. Таксама ў нас фактычна адкрываецца новы жанр гістарычнага музыцыравання - сёння адбудзецца канцэрт старадаўняй музыкі на гістарычных інструментах: клавесіне і флейце-траверс. Вялікая радасць, што на канцэнце закрыцця 18 снежня мы пачуем усімі намі любімага Аляксея Любімага", - дадала Нэлі Мацаберыдзэ. Таксама адкрыццём фестывалю стане ірландскі піяніст, які жыве ў Францыі, - Майкл О'Рурк. Яго запрасіў у Віцебск Дзмітрый Салярцінскі. Дзякуючы такім асабістым кантактам у горада на Дзвіне ёсць унікальная магчымасць чуць і бачыць выканаўцаў сусветнай велічыні - і ў гэтым вялікая каштоўнасць фестывалю, упэўнены яго арганізатары.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі