22 кастрычніка, Віцебск /Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА/. Заслужаны калектыў Беларусі Дзяржаўны камерны хор пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай выступіць у Віцебскай абласной філармоніі 23 кастрычніка. Ён прадставіць да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі канцэрт камернай музыкі "На хвалі паччуццяў", паведамілі БЕЛТА ў філармоніі.
У канцэрце прыме ўдзел арганны дуэт Варвара Царук і Юрый Габрусь. У праграме прагучаць творы Станіслава Манюшкі для хору, салістаў і аргана.
"Кампазітар у першую чаргу вядомы як стваральнік нацыянальнай оперы, аднак ён напісаў і нямала цудоўных маштабных харавых, камерных вакальных і інструментальных твораў. Станіслаў Манюшка абапіраўся не толькі на традыцыі нямецкіх і рускіх кампазітараў, але і звяртаўся да беларускага, літоўскага і польскага фальклору. З'яўленне зборнікаў песень мела вялікае значэнне. Разам са стварэннем больш як 400 мініяцюр кампазітар заклаў асновы нацыянальнага вакальнага рэпертуару", - адзначылі ў філармоніі.
Гэтыя малавядомыя старонкі творчасці Станіслава Манюшкі прадставіць Дзяржаўны камерны хор у суправаджэнні аргана: прагучаць маштабныя духоўныя творы (Меса для жаночага хору, Меса рэ-мінор), Ecce lignum crucis для змешанага хору), харавыя мініяцюры без акампанементу, арыі і дуэты. У канцэрце будуць выкананы рэдкія творы для аргана сола.-0-