Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 верасня 2018, 13:41

"Дзеці Магніткі" з Расіі заваявалі Гран-пры IX Міжнароднага фестывалю "Сожскі карагод"

17 верасня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Гран-пры IX Міжнароднага фестывалю харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод" заваяваў калектыў узорнай студыі "Дзеці Магніткі" з расійскага Магнітагорска, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Судзейская калегія аднагалосна вызначыла ўладальніка Гран-пры IX Міжнароднага фестывалю харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод". Па-першае, з першай хвіліны выступлення калектыў заразіў нас энергетыкай, якая ішла ад выканаўцаў. Па-другое, у намінацыях эстрадны танец і сучасны танец "Дзеці Магніткі" прадставілі вельмі цікавыя з балетмайстарскага пункту гледжання нумары. У кожным іх выступленні склалася ўсё: дакладна падабраныя выразныя сродкі, створаны і раскрыты мастацкі вобраз плюс вельмі эмацыяльнае выкананне, якое зачароўвае", - расказала старшыня журы, прафесар, загадчыца кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Святлана Гуткоўская.

Высокім узроўнем выканання прадстаўнікоў міжнароднага журы парадавалі канкурсанты ў намінацыі "Народна-сцэнічны танец", у якой адзначаны адразу чатыры калектывы. Чацвёрку лідараў узначаліў заслужаны аматарскі калектыў Беларусі ансамбль танца "Гарадзенскія карункі" з Гродна, творчае "серабро" дасталося заслужанаму аматарскаму калектыву "Дружба" з Гомеля. Трэцяе месца падзялілі танцавальны калектыў "Аксаміт" з Нясвіжа і ансамбль танца "Цэрэнкуца" з Крыўленя (Малдова).

У конкурсе сучаснай харэаграфіі дыпламантам III ступені стаў узорны дзіцячы харэаграфічны ансамбль "Сюрпрыз" Дома дзіцячай творчасці Прыморскага раёна Санкт-Пецярбурга (Расія), другога месца ўдастоена народная студыя сучаснай харэаграфіі "Цеплаабмен" Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Сакалоўскага (Беларусь). Лаўрэата I ступені ў гэтым годзе журы не вызначыла.

Пераможцам у намінацыі "Эстрадны танец" названы ўзорны ансамбль эстраднага танца "Хамелеон" з Курска (Расія), другога месца ўдастоена народная студыя сучаснага танца "Fly" з Гомеля (Беларусь), трэцяга - узорны ансамбль сучаснага танца "Капрыз" з Бранска (Расія).

Таксама калектывы адзначаны ў асобных намінацыях. "За захаванне народных традыцый" узнагароджаны прадстаўнікі культурна-мастацкага аб'яднання чыгуначнікаў "Братэрства" з горада Субаціца (Сербія). "За прапаганду нацыянальнай культуры" дыплома фестывалю ўдастоены ансамбль мастацтва раёна Ухоу горада Чэнду (Кітай).

Творчы форум, які праходзіў у Гомелі 14-16 верасня, сабраў больш за 1,5 тыс. удзельнікаў і гасцей з Сербіі, Малдовы, Кітая, Польшчы, Расіі, Беларусі і інш. На працягу трох дзён на канцэртных пляцоўках горада сваё майстэрства дэманстравалі харэаграфічныя калектывы народна-сцэнічнага, эстраднага танца, сучаснай харэаграфіі, выканаўцы спартыўных бальных танцаў.

Фестываль садзейнічае вывучэнню сучасных тэндэнцый у сусветнай харэаграфіі, пашырэнню і ўмацаванню міжнацыянальных творчых сувязей, узаемадзеянню нацыянальных культур, а таксама развіццю фестывальнага руху ў сферы харэаграфіі. Заснавальнікі форуму - Міністэрства культуры, Гомельскія абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты. Наступны, юбілейны, Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод" пройдзе ў 2020 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі