Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 кастрычніка 2017, 18:00

Драмтэатры з Брэста і Віцебска абмяняюцца гастролямі

20 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Абменныя гастролі Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа пройдуць у канцы кастрычніка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара па інфармацыі і арганізацыі гледача брэсцкага тэатра Ларыса Навіцкая.

У Віцебску 25-27 кастрычніка брастаўчане прэзентуюць чатыры спектаклі, у тым ліку тры апошнія прэм'еры. Так, паклоннікі тэатральнага мастацтва ўбачаць меладраму "Каварства і каханне" нямецкага рэжысёра Марсэля Крона. Будзе паказана камедыя "Вясёлы ўдавец" у пастаноўцы мастацкага кіраўніка Брэсцкага тэатра драмы заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Аляксандра Козака. Не пакіне гледачоў абыякавымі камедыя ў стылі рэтра "Старэйшы сын" па аднайменнай п'есе Аляксандра Вампілава, над стварэннем якой працаваў рэжысёр Цімафей Ільеўскі. Тэатр з берагоў Буга таксама парадуе сваёй творчасцю дзяцей, прадставіўшы казку пра засмучанага караля.

"Гэта апошнія работы тэатра, якія карыстаюцца поспехам у публікі. Менавіта па такім прынцыпе мастацкі савет выбіраў спектаклі. На такую ж пазіцыю мы арыентавалі віцебскіх калег. Жыхары Брэста атрымалі магчымасць паглядзець якасныя пастаноўкі на беларускай мове, што для брэсцкай сцэны з'яўляецца рэдкасцю", - адзначыла Ларыса Навіцкая.

У той жа час трупа Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа прывязе ў Брэст тры спектаклі. У афішы прадстаўлены камедыі "Доктар філасофіі" і "Шукаем тэнара", а таксама п'еса ў трох дзеях "Дзіўная місіс Сэвідж".

Пасля паездкі ў Віцебск Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы накіруецца на гастролі па гарадах Брэсцкай вобласці. У лістападзе камедыю "Вясёлы ўдавец" убачаць жыхары Іванава і Баранавіч, а ў Івацэвічах брэсцкія акцёры пакажуць "Брава, Лаўрэнсія".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі