Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 верасня 2017, 10:52

Дэлегаты з 24 краін прымаюць удзел у кангрэсе "500 гадоў беларускага кнігадрукавання"

14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 600 дэлегатаў з 24 краін прымаюць удзел у двухдзённым міжнародным кангрэсе "500 гадоў беларускага кнігадрукавання" ў Мінску. Аб гэтым паведаміў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі на адкрыцці кангрэса, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы, дыпламаты, кіраўнікі і аўтарытэтныя спецыялісты навуковых, навучальных і культурных устаноў з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Кітая, Польшчы, Расіі, Украіны, Чарнагорыі і іншых краін.

500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання з'яўляецца знамянальным юбілеем бягучага года і шырока адзначаецца сусветнай супольнасцю. Кульмінацыйная падзея святочных мерапрыемстваў праходзіць у Беларусі, на радзіме Францыска Скарыны. Міжнародны кангрэс "500 гадоў беларускага кнігадрукавання" цалкам адпавядае мэтам і ідэям ЮНЕСКА і праводзіцца пад патранатам арганізацыі.

Галоўнай тэмай пленарнага пасяджэння стане роля Беларусі ў фарміраванні і захаванні кніжнай спадчыны Еўропы, а таксама спадчына Францыска Скарыны і яго паслядоўнікаў. У праграме кангрэса міжнародны круглы стол "Дакументальная спадчына ў Цэнтральнаеўрапейскім рэгіёне: шляхі захавання, вывучэння і папулярызацыі", XX Агульны сход некамерцыйнага партнёрства "Бібліятэчная асамблея Еўразіі", ХІІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні. Адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры".

Раман Матульскі адзначыў, што яркай падзеяй юбілейных мерапрыемстваў стане ўрачыстае адкрыццё сёння міжнароднай выстаўкі "Францыск Скарына і яго эпоха" ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Мерапрыемства арганізавана Міністэрствам культуры Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкай пры падтрымцы Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы (CEI), Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД, Праграмы мабільнасці для мэтанакіраваных міжасобасных кантактаў (MOST).

Афіцыйнымі партнёрамі кангрэса выступаюць Банк БелВЭБ, кампанія "Трэгрос-Инфо" і Агенцтва Уладзіміра Граўцова.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі