Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 красавіка 2018, 12:07

Брэсцкі тэатр драмы прадставіць прэм'еру спектакля "Тры прыгажуні"

12 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы падрыхтаваў для гледачоў прэм'еру. На генеральным прагоне спектакля "Тры прыгажуні" пабывала карэспандэнт БЕЛТА.

Камедыя ў двух дзеяннях пастаўлена паводле п'есы сучаснага расійскага драматурга Валянціна Краснагорава. Яе сюжэт пабудаваны на гісторыі трох адзінокіх жанчын, якія сябруюць ужо больш за 40 гадоў. Чарговы раз сабраўшыся разам, яны вырашаюць змяніць свой лёс і знайсці спадарожнікаў жыцця. Тое, што адбываецца на сцэне, павінна пераканаць гледача, што гады не з'яўляюцца перашкодай для пошуку кахання і шчасця.

Спектакль для малой залы пастаўлены рэжысёрам Валянцінай Янавец. Такая камернасць дае публіцы магчымасць суперажываць гераіням і смяяцца разам з імі. У прэм'еры заняты заслужаная артыстка Беларусі Тамара Ляўчук, а таксама яе калегі Ірына Давыдзенка і Таццяна Валчэцкая. "Гэта гісторыя аб тым, што чалавеку вельмі важна быць патрэбным, адчуваць клопат, быць шчаслівым. Вырашылі яе расказаць на малой сцэне, таму што ў спектаклі мы гаворым пра асабістыя справы і жаданні - блізка, камерна, інтымна", - растлумачыла задуму рэжысёр.

Прэм'еру "Трох прыгажунь" Брэсцкі тэатр плануе прадставіць жыхарам і гасцям абласнога цэнтра 14 красавіка. "Чакаем, што гледачам спадабаецца наш спектакль. Камедыя атрымалася вясёлай, пазітыўнай і вельмі лёгкай, яна стварае веснавы настрой. Я думаю, гэта той матэрыял, які дасць магчымасць добра адпачыць у тэатры", - адзначыла намеснік генеральнага дырэктара па інфармацыі і арганізацыі гледача БАДТ Ларыса Навіцкая.

Да канца сезона ў драмтэатры плануюць прадставіць яшчэ дзве прэм'еры. Так, трупа разам з запрошаным з Масквы рэжысёрам Ягорам Равінскім працуе над спектаклем паводле п'есы А. М. Астроўскага "Нявольніцы". Для маленькіх гледачоў рыхтуецца казка "Дзюймовачка" ў пастаноўцы рэжысёра Дзяніса Фёдарава.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі