Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 снежня 2017, 18:41

Бондар: рэстаўрацыя Старога замка ў Гродне - вялікі ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны

7 снежня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Рэстаўрацыя Старога замка ў Гродне стане вялікім укладам у справу захавання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Такое меркаванне сёння ў час рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць выказаў міністр культуры Юрый Бондар, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр азнаёміўся з работамі па рэстаўрацыі Старога замка ў Гродне. На першую чаргу ў 2017 годзе з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў выдзелена больш за Br1 млн. Работы вядуцца па праекце Уладзіміра Бачкова. У Гродне плануюць аднавіць замак XVI стагоддзя такім, якім ён быў у часы Стафана Баторыя.

"Гэта адзін з прыярытэтных напрамкаў нашай работы. Калі ўдасца завяршыць рэстаўрацыю Старога замка ў Гродне на працягу 3-5 гадоў, то гэта будзе вялікі ўклад у справу захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Сярод экспертаў, вучоных, гісторыкаў доўгі час вяліся спрэчкі наконт таго, якім павінна быць аблічча замка. Важна, што мы прыйшлі да кансэнсусу, прынята рашэнне, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, пачаўся першы этап работ", - адзначыў Юрый Бондар. Нядаўна завяршыўся падрыхтоўчы перыяд, устаноўлена агароджа, пабудаваны часовы драўляны мост. Завяршаецца ўмацаванне грунту пад фундаментамі спецыяльнымі палімернымі ін'екцыямі. Зроблены катлаван, і бурацца палі пад будаўніцтва мернай хаты.

"Вызначаюцца планы на наступны год. Нас, вядома, цікавіць ход работ, выкананне тэхналогій рэстаўрацыі на такіх аб'ектах. І тое, што сёння адбываецца, сведчыць аб вялікай увазе, якую кіраўніцтва Гродзенскай вобласці ўдзяляе захаванню гісторыка-культурнай спадчыны", - заявіў Юрый Бондар. Ён падкрэсліў, што пацвярджае гэта і ход рамонту на драўлянай сцяне Каложскай царквы ХІІ стагоддзя.

Сцяна ўзведзена больш за 100 гадоў таму пасля абвалу паўднёвай частцы храма. За гэты час драўляныя канструкцыі знасіліся, вонкавая абіўка стала непрыдатнай і выглядала неэстэтычна. Цяпер завершаны адзін з самых складаных этапаў работ: будаўнікі пры дапамозе дамкратаў выраўнавалі сцяну, якая асела на 30 см і на некалькі дзясяткаў сантыметраў адхілілася па гарызанталі. Пачаліся работы па абіванні сцяны знутры і звонку. Для таго, каб драўляная сцяна не прадзімалася, будуць выкарыстаны негаручыя ўцяпляльнікі, таксама будуць уцеплены паддашкавыя памяшканні. Завяршыць усе работы маюць намер да канца года. У наступным годзе плануецца добраўпарадкаваць прылеглую да храма тэрыторыю.

Азнаёміўся міністр з рэканструкцыяй будынка абласной філармоніі, дзе прадаўжаюцца аддзелачныя работы, прапрацоўваецца пытанне закупкі абсталявання. Таксама ў праграме наведванне Свяцкага палацава-паркавага комплексу ў Гродзенскім раёне.

У цэнтры ўвагі ў Гродзенскай вобласці і іншыя архітэктурныя помнікі. У прыватнасці, у Навагрудскім замку праводзяцца мерапрыемствы па ўмацаванні схілаў замкавай гары. У Крэўскім замку ўжо выкананы запланаваны на гэты год аб'ём работ па кансервацыі Княжацкай вежы.-0-

Фота Леаніда Шчаглова

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі