Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 красавіка 2018, 11:21

Бондар: на культурныя праекты ў 2017 годзе дзяржарганізацыям аказана спонсарская дапамога на Br6,4 млн

25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На культурныя праекты ў 2017 годзе дзяржарганізацыям аказана спонсарская дапамога на Br6,4 млн. Аб гэтым паведаміў 24 красавіка на цырымоніі ўшаноўвання мецэнатаў міністр культуры Беларусі Юрый Бондар, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У мінулым годзе на правядзенне розных культурных праектаў дзяржаўныя арганізацыі культуры атрымалі спонсарскую дапамогу ў памеры Br6,4 млн. Падтрымка з боку кампаній і прадпрыемстваў ажыццяўлялася па розных напрамках. Былі рэалізаваны такія буйныя праекты, як міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад", Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ", VІІІ Калядны оперны форум, Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў, Мінскі форум вулічных тэатраў, выставачны праект "Арт-Астравы", міжнародны фестываль "Уладзімір Співакоў запрашае", выданні музейных каталогаў, рэкламных матэрыялаў, страховак міжнародных выставак", - адзначыў міністр.

Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што роля мецэнацтва, зацвердзіўшыся ў шматвяковай гісторыі чалавецтва, не страціла свайго актуальнага значэння і ў сучасным жыцці. "Прыемна ўсведамляць, што вас - прадстаўнікоў дзелавых колаў, прадпрымальнікаў, калекцыянераў, прыватных асоб - шчыра хвалюе лёс нашай культуры, аб'ядноўвае імкненне прымножыць мастацкае багацце краіны і падтрымаць намаганні дзяржавы ў справе захавання і развіцця духоўнай спадчыны народа Беларусі", - сказаў ён. Многія музейныя калекцыі, творы мастацтва, значныя культурныя падзеі ў краіне, якімі беларусы ганарацца як нацыянальным здабыткам, былі набыты, створаны і праведзены дзяржавай пры фінансавай падтрымцы мецэнатаў і спонсараў.

Паводле слоў міністра, сёння важна адраджаць лепшыя айчынныя традыцыі мецэнацтва і дабрачыннасці, удасканальваць заканадаўства, фарміруючы сістэму стымулаў і заахвочванняў для тых, хто займаецца гэтай высакароднай дзейнасцю. "Міністэрства культуры як дзяржаўны орган кіравання зацікаўлена непасрэдна ў развіцці традыцый мецэнацтва ў Беларусі, ад якога шмат у чым залежыць будучыня беларускай культуры і мастацтва", - сказаў Юрый Бондар.

Цырымонія ўшаноўвання ўдзельнікаў рэспубліканскай акцыі "Мецэнат культуры Беларусі" прайшла ў Палацы Рэспублікі. Ганаровых дыпломаў удастоены кіраўнікі і прадстаўнікі арганізацый рознай формы ўласнасці, якія на працягу мінулага года аказвалі спонсарскую дапамогу арганізацыям культуры краіны. Фіналістамі рэспубліканскай акцыі "Мецэнат культуры Беларусі - 2017" сталі 45 кампаній. У іх ліку "Беларуськалій", "Керамін", "Камунарка", "Чырвоны харчавік", "Велком", "Белтэлекам", Белгазпрамбанк, Белзнешэканамбанк, Беларусбанк.-0-

Фота Віталя Арэшкі.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі