Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 кастрычніка 2019, 17:54

Больш за 500 рарытэтаў упершыню прадстаўлены наведвальнікам Музея гісторыі ВАВ

22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 500 арыгінальных музейных прадметаў упершыню прадстаўлены наведвальнікам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на часовай экспазіцыі "Вяртаючы час", якая адкрылася сёння, у дзень 75-годдзя ўстановы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы вырашылі адзначыць юбілей нашай работай за апошнія 5 гадоў, як мы пераехалі ў новы будынак. Больш за 500 арыгінальных музейных прадметаў прадстаўлена ў экспазіцыі, практычна ўсе з іх выстаўляюцца ўпершыню, - расказала вядучы навуковы супрацоўнік аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц куратар экспазіцыі Наталля Філіповіч. - Гэта выстаўка паказвае, што музей жыве, што ў нас вельмі шмат наведвальнікаў і гасцей з усяго свету. Аб гэтым у тым ліку сведчаць шматлікія падарункі, прадстаўленыя на экспазіцыі".

Два аўтаномныя інфармацыйныя блокі "Старонкі гісторыі" і "Музей сёння" звязаны непасрэдна са стварэннем музея ў 1944 годзе. Своеасаблівы дыялог мінулага і сучаснага дае магчымасць наведвальнікам параўнаць розныя часы і падзеі. Праз рарытэтныя музейныя прадметы раскрываюцца асобныя старонкі гісторыі ўстановы. Інтэр'ерная экспазіцыя пабудавана з выкарыстаннем фондавай мэблі ваеннага і пасляваеннага часу, сабранай па гарачых слядах вайны. Усё гэта стварае вобраз штодзённай рабочай музейнай абстаноўкі. Гэта своеасаблівая даніна памяці першым супрацоўнікам музея і яго ветэранам.

Стылізаваны вобраз раскрытых старонак сямейных альбомаў прадстаўляе фатаграфіі і дакументы людзей розных пакаленняў, нацыянальнасцей, прафесій, здольнасцей і захапленняў, якія прайшлі і пражылі тую страшэнную вайну. У цэнтральнай прасторы экспазіцыйнай залы ўпершыню прадстаўлены асобныя ўзоры агнястрэльнай і халоднай зброі, адзенне, ваенная форма, прадметы ваеннай амуніцыі і побыту, перададзеныя ў дар музею як дзяржаўнымі ўстановамі, так і аматарамі ваеннай гісторыі, калекцыянерамі.

Праз гады і сёння беларуская зямля захоўвае мноства прадметаў, якія сталі нямымі сведкамі бітваў, гераізму воінаў і трагедый мірных жыхароў. Менавіта аб гэтым раскажуць прадметы археалогіі, знойдзеныя ў Нясвіжы, дзе былі пахаваны больш за тысячу чалавек, расстраляных у кастрычніку 1941 года, а таксама прадметы, што раскрываюць трагедыю вязняў лагера смерці Трасцянец. У інсталяцыі палявога армейскага шпіталя прадстаўлены рэдкія прадметы, якія паказваюць медыцынскую службу ў гады вайны.

Мастацка-вобразнае ўвасабленне народнага подзвігу адлюстравана ў жывапісных палотнах, серыі малюнкаў, эцюдах, замалёўках мастакоў, у чыё жыццё вайна ўвайшла ўсёй сваёй суровай штодзённасцю. Завяршаюць экспазіцыйны рад прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і сувеніры ад дэлегацый розных краін свету. Кожны з твораў вызначаецца яркай творчай індывідуальнасцю і нацыянальным каларытам. Яны сугучныя свайму часу, адлюстроўваюць культуру народа, яго эстэтычныя густы. Своеасаблівым лейтматывам часовай экспазіцыі з'яўляюцца рэдкія фотасюжэты. Іх аўтары - удзельнікі вайны, вядомыя ваенныя карэспандэнты, якія перадалі ўсе эмоцыі і канкрэтную падзейнасць ваенных гадоў.

Як адзначыла куратар экспазіцыі, фонды музея папаўняюцца за кошт дарыльшчыкаў. Многія з гэтых людзей прысутнічалі сёння на адкрыцці экспазіцыі. "Жыхары Беларусі і замежжа перадаюць нам на захоўванне рэліквіі вайны: дакументы, прадметы, узнагароды, фатаграфіі самых блізкіх і родных людзей з сямейных альбомаў. Прыемна, што за апошняе пяцігоддзе вельмі шмат паступіла рарытэтаў ад наследнікаў вызваліцеляў", - дадала яна.

Часовая экспазіцыя "Вяртаючы час" будзе працаваць у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны па 31 снежня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі