Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 снежня 2018, 12:57

Беларускія кінаплакаты 1920-1930-х гадоў прадставяць на выстаўцы ў Мінску

7 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэматычная выстаўка "Беларускі кінематограф 1920-1930-х гадоў у кінаплакаце" адкрыецца ў сталічным музеі гісторыі беларускага кіно 19 снежня, паведамілі БЕЛТА ў музеі.

"Амаль за 95 гадоў існавання беларускай кінавытворчасці на нацыянальнай кінастудыі створана больш за 550 мастацкіх фільмаў. З іх з 1926 па 1941 год - толькі 60. Але менавіта гэты перыяд гісторыі айчыннага кіно ўнікальны такім важным элементам кінапрацэсу, як кінаплакат, які першапачаткова называўся мастацкай афішай", - адзначылі ў музеі.

У экспазіцыі будзе прадстаўлена 35 поўнафарматных і поўнакаляровых рэпрынтаў кінаплакатаў да беларускіх фільмаў 1926-1940-х гадоў і савецкія кінаплакаты 1920-1930-х гадоў, наведвальнікам пакажуць іх эвалюцыю ў сувязі з пераходам нямога кіно ў гукавое. Галоўнай асаблівасцю выстаўкі стане не толькі паказ дзвюх навінак - плаката да фільма "У вялікім горадзе" і поўнафарматнага варыянта плаката да карціны "Першы ўзвод", але і прэзентацыя інтэрактыўнага мультымедыйнага дадатку да калекцыі плакатаў на трох мовах. З яго дапамогай наведвальнікі змогуць даведацца пра асаблівасці вобразна-стылявога рашэння экспанатаў, азнаёміцца з біяграфіяй іх аўтараў, атрымаць уяўленне аб жанрава-тэматычных і стылявых характарыстыках фільма, да якога адносіцца канкрэтны плакат, а таксама ўбачыць фрагмент гэтага фільма і пачуць арыгінальную музычную фанаграму - мелодыю або песню.

Выстаўка дэманструе вынік 15-гадовай пошукавай работы супрацоўнікаў Музея гісторыі беларускага кіно ў архівах Расіі, якія паступова ліквідуюць прабелы ў мінулым беларускага кінематографа. Аднаўленне калекцыі яшчэ не завершана, таму што ў першай палавіне ХХ стагоддзя кінаплакат быў фактычна галоўным і самым дзейсным сродкам рэкламы большасці фільмаў.

Экспазіцыя, прымеркаваная да Дня беларускага кіно, будзе працаваць да 9 студзеня 2019 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі