Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 студзеня 2019, 15:18

Беларускі музычны тэатр прывязе ў Магілёў "Вяселле ў стылі рэтра"

3 студзеня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Магілёў з гастролямі наведае Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. На сцэне абласнога драмтэатра мінчане 29 студзеня пакажуць лірычную камедыю "Вяселле ў стылі рэтра", паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Спектакль пастаўлены паводле матываў п'есы Аляксандра Галіна "Рэтра", якую драматург, кінасцэнарыст і рэжысёр напісаў у 1979 годзе. З моманту сачынення гэтага твора істотна змяніліся рэаліі жыцця. Аднак шчымлівая чалавечая інтанацыя прыцягвала і сёння прыцягвае да камедыі ўвагу пастаноўшчыкаў. На аснове гэтай п'есы рэжысёры стварылі мноства сцэнічных версій пад рознымі назвамі: "Вяселле на старасці год", "Тры нявесты для пажылога чалавека", "Волас сівее, а галава шалее" і інш.

Галоўны герой, Рыгор Міхайлавіч, усё сваё жыццё працаваў страхаром у вёсцы. А цяпер пенсіянер "вартуе антыкварыят" і "працуе аўтаадказчыкам" у гарадской кватэры дачкі. Старога прыгнятае адзінота, яго не задавольваюць жыццёвыя пазіцыі дачкі Людмілы і яе мужа Леаніда. Складаныя ўзаемаадносіны са свёкрам-удаўцом прымушаюць апошняга знайсці таму некалькі прыдатных жанчых з мэтай далейшай жаніцьбы. Рыгор Міхайлавіч павінен па чарзе пазнаёміцца з кожнай з патэнцыяльных нявест і выбраць тую, якая прыйдзецца яму больш даспадобы. Аднак ніхто не чакаў, што ўсе тры "дзяўчыны" прыйдуць адначасова… Як вырашыцца гэта сітуацыя? Ці ўдасца прадпрымальнай парачцы ўладкаваць незгаворлівага старога? Якая з жанчын стане пераможцай? Пранізлівы і адначасова мудры спектакль "Вяселле ў стылі рэтра" дасць адказы на ўсе гэтыя пытанні.

У спектаклі заняты заслужаны артыст Расіі Аляксей Кузьмін, заслужаныя артысты Беларусі Маргарыта Александровіч, Антон Заянчкоўскі, Людміла Станевіч, лаўрэат міжнароднага конкурсу Леся Лют, народная артыстка Беларусі Наталля Гайда, актрыса Ірына Заянчкоўская.

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр створаны ў 1970 годзе і свой першы тэатральны сезон адкрыў 17 студзеня 1971 года спектаклем "Пяе Жаваранак" беларускага кампазітара Юрыя Семянякі. Да 2000 года калектыў меў назву "Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Беларусі". 15 кастрычніка 1981 года тэатр адкрыў новы дванаццаты сезон у спецыяльна пабудаваным для яго будынку па вул. Мяснікова, 44. Больш як за 40 гадоў існавання тэатра на яго сцэне пастаўлена больш за сто спектакляў, многія з якіх сталі значнымі падзеямі ў культурным жыцці краіны і ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнай культуры. У сённяшнім рэпертуары тэатра больш за трыццаць разнажанравых пастановак.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі