Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 верасня 2017, 19:17

Беларуская дэлегацыя на Маскоўскім кніжным кірмашы прадставіла копію друкарскага станка XVI стагоддзя

6 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Стэнд Беларусі на адкрытай сёння XXX Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе пасольства Беларусі ў Расіі.

На кірмашы беларуская дэлегацыя прадставіла копію друкарскага станка XVI стагоддзя, які адноўлены па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі. Беларускі гісторык, філакартыст і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў доўга вывучаў друкарскую справу, звярнуўся да дакументаў з апісаннем тэхналогіі стварэння паперы і друкарскага працэсу. Па гравюрах часоў першага беларускага кнігадрукара Францыска Скарыны быў выраблены друкарскі станок, для якога спецыяльна адлілі матрыцы і формы з тэкстам Бібліі.

Пасля афіцыйнага адкрыцця выстаўкі беларускі стэнд наведалі кіраўнік Федэральнага агенцтва па друку і масавых камунікацыях Расіі Міхаіл Сяславінскі, саветнік Прэзідэнта Расіі па пытаннях культуры Уладзімір Талстой, міністр культуры і спорту Грэцыі, многія кіраўнікі замежных дэлегацый, прадстаўнікі дыпмісій, расійскіх і замежных выдавецтваў, дзясяткі журналістаў.

Першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі разам з гасцямі экспазіцыі па старажытных тэхналогіях зрабіў копію гравюры першага беларускага кнігадрукара на самаробнай паперы.

У бягучым годзе дэлегацыя беларускіх кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў прывезла ў Маскву ў першую чаргу выданні, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Ігар Луцкі падкрэсліў, што Беларусь - традыцыйны ўдзельнік гэтага кніжнага форуму. "Скарыніяна", прадстаўленая сёння ў Маскве, - гэта каля 20 кніг, якія былі выдадзены ў 2016-2017 гадах. Сярод іх - кніга-альбом "Сусветная спадчына Францыска Скарыны" выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі", якая атрымала Гран-пры XIV Міжнароднага конкурсу "Мастацтва кнігі" дзяржаў - удзельніц СНД.

Сваю прадукцыю, уключаючы навучальную і мастацкую літаратуру, на кірмашы ў Маскве прэзентавалі таксама іншыя буйнейшыя беларускія выдавецтвы: "Аверсэв", "Адукацыя і выхаванне", "Беларусь", "Вышэйшая школа", "Пачатковая школа", "Беларуская навука", "Мастацкая літаратура", выдавецкія дамы "Беларуская навука", "Звязда".

Маскоўская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш праводзіцца з 1977 года і з'яўляецца буйнейшым кніжным форумам у Расіі. У гэтым годзе расійская сталіца прымае ў сябе больш за 600 выдавецтваў з 40 краін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі