Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 жніўня 2017, 19:58

Беларускае кнігавыданне ў гэтым годзе прадставяць на выстаўках у Кітаі, Сербіі і Германіі

3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускае кнігавыданне ў гэтым годзе прадставяць на выстаўках у Кітаі, Сербіі і Германіі. Аб гэтым паведаміла міністр інфармацыі Лілія Ананіч на прэзентацыі кнігі "Сусветная спадчына Францыска Скарыны" ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У гэтым годзе беларуская кніга была прадстаўлена ў Літве, Чэхіі, Францыі. "Цяпер мы рыхтуемся да прадстаўлення нацыянальнага кнігавыдання і юбілейнай даты (500-годдзя беларускага кнігадрукавання. - Заўвага БЕЛТА) у Кітайскай Народнай Рэспубліцы ў Пекіне. У гэтым годзе яшчэ пабываем на выстаўках у Сербіі, Германіі", - сказала Лілія Ананіч. Беларусь, нягледзячы на імклівае развіццё камп'ютарных тэхналогій, не страчвае сваіх пазіцый у кнігавыданні, адзначыла міністр. Друкаваная кніга ў краіне мае моцныя пазіцыі, дадала яна.

Гаворачы аб праекце "Сусветная спадчына Францыска Скарыны" Лілія Ананіч падкрэсліла: "Мы ганарымся, што напярэдадні 500-гадовага юбілею беларускага кнігавыдання мы зрабілі адну з лепшых кніг, якія ўвайшлі ў скарбонку нацыянальнага і, упэўнена, сусветнага кнігавыдання".

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар адзначыў важную асветніцкую дзейнасць Францыска Скарыны. Яго рэвалюцыйны ўклад у кнігадрукаванне, на думку пасла, заключаецца не толькі ў перакладзе Бібліі, але і ў распаўсюджванні ідэй адукацыі і асветы сярод простых людзей. "За гэта мы павінны быць глыбока ўдзячныя вашаму вялікаму суайчынніку", - дадаў дыпламат.

500 гадоў таму - 6 жніўня 1517 года - у Празе выйшла першая друкаваная беларуская кніга - Псалтыр, якая лічыцца адной з самых папулярных і распаўсюджаных у хрысціянстве кніг Бібліі. Гэтай кнігай першадрукар Францыск Скарына паклаў пачатак усяму беларускаму кнігавыданню, якое развівалася ў цеснай сувязі з еўрапейскім і ўсходнеславянскім. Унікальная кніга "Сусветная спадчына Францыска Скарыны", выдадзеная па заказе Міністэрства інфармацыі Беларусі выдавецтвам "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі", прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Багата ілюстраванае выданне выйшла ў серыі "Энцыклапедыя рарытэтаў" на трох мовах - беларускай, рускай і англійскай. Упершыню ў адной кнізе прадстаўлены ўсе 25 кніг беларускага першадрукара. У сучасным выданні наглядна прадстаўлена спадчына Францыска Скарыны, што сёння з'яўляецца нацыянальным здабыткам і захоўваецца ў кніжных і музейных зборах многіх краін свету - Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Даніі, Польшчы, Літвы, Вялікабрытаніі, Славеніі, Чэхіі, ЗША.

Кніга "Сусветная спадчына Францыска Скарыны" атрымала Гран-пры Міжнароднага конкурсу краін - удзельніц СНД "Мастацтва кнігі - 2017", Гран-пры Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўкі Eurasian Book Fair 2017.

На прэзентацыю сёння прыйшлі дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса замежных краін, СМІ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі