Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 мая 2016, 16:34

"Беларусь 1" і "Беларусь 24" пакажуць другі паўфінал "Еўрабачання-2016"

11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Другі паўфінал міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016" адбудзецца вечарам 12 мая ў Стакгольме. Прамую трансляцыю песеннага форуму ў 22.00 пачнуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама сайт Белтэлерадыёкампаніі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе медыяхолдынга.

Прадстаўнік Беларусі IVAN (Аляксандр Іваноў) з кампазіцыяй Help You Fly выступіць пад нумарам 5. Разам з ім за пуцёўку ў фінал будуць змагацца выканаўцы з Латвіі, Польшчы, Швейцарыі, Ізраіля, Сербіі, Ірландыі, Македоніі, Літвы, Аўстраліі, Славеніі, Балгарыі, Даніі, Украіны, Нарвегіі, Грузіі, Албаніі і Бельгіі. Румынія, якая павінна была выступаць пад 12-м нумарам, незадоўга да конкурсу была дыскваліфікавана арганізатарамі ў сувязі з доўгам перад Еўрапейскім вяшчальным саюзам (не быў пагашаны румынскім бокам).

У другім паўфінале галасуюць краіны-ўдзельніцы, а таксама Вялікабрытанія, Германія і Італія. Тэлефонныя нумары для галасавання будуць аб'яўлены каментатарам, а таксама абазначаны эфірнай графікай у час прамой трансляцыі. У адпаведнасці з правіламі конкурсу, беларускія тэлегледачы не могуць галасаваць за песню, якая прадстаўляе іх краіну.

Каменціраваць галоўнае музычнае тэлевізійнае шоу Еўропы будзе журналіст Агенцтва тэленавін Яўген Перлін.

Напярэдадні вечарам на сцэне "Глобен-Арэны" адбыўся першы паўфінал "Еўрабачання-2016". Па яго выніках з 18 краін у пераможную дзясятку ўвайшлі прадстаўнікі Азербайджана, Расіі, Нідэрландаў, Венгрыі, Харватыі, Аўстрыі, Арменіі, Чэхіі, Кіпра, Мальты. Гэтыя артысты далучацца да сваіх калег з краін Вялікай пяцёркі, якія традыцыйна трапляюць у фінал "Еўрабачання" аўтаматычна (Германія, Францыя, Італія, Іспанія і Вялікабрытанія), а таксама Швецыя - на правах пераможцы мінулага года.

У 61-м конкурсе "Еўрабачанне" прымаюць удзел 42 краіны. Швецыя праводзіць песенны форум шосты раз. Раней краіна праводзіла ў сябе конкурс у 1975, 1985, 1992, 2000 і ў 2013 гадах. Слоган "Еўрабачання" - Come Together ("Аб'ядноўвайцеся"). Лагатып уяўляе сабой кветку - дзьмухавец. Вядучыя шоу бягучага года - пераможца "Еўрабачання-2015" Монс Зелмерлёў і папулярная шведская актрыса Петра Медэ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі