Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 чэрвеня 2019, 16:46

Абноўлены тэатр лялек у Брэсце стане шматфункцыянальным культурным цэнтрам

5 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Рэканструкцыя Брэсцкага тэатра лялек выйшла на завяршальную стадыю. Установа культуры рыхтуецца да адкрыцця, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар тэатра Тамара Паўлюковіч.

Паводле яе слоў, тэатр лялек стане шматфункцыянальным культурным цэнтрам. "Разглядаем яго як прастору для сустрэч, рэалізацыі цікавых праектаў для людзей рознага ўзросту. У нас больш за 10 тыс. кв.м. У працэсе будаўніцтва ўнеслі змяненні па прызначэнні памяшканняў. Напрыклад, у нас з'явіліся студыя выяўленчага мастацтва, харэаграфічны, камп'ютарны класы. У планах абсталяваць гульнявы пакой. Будзе магчымасць правесці выхадны дзень усёй сям'ёй", - адзначыла дырэктар.

"Гэта эксклюзіўны праект тэатра лялек, аналагаў якога няма ў Беларусі. У нас шматфункцыянальная пляцоўка, сцэнічны комплекс, якія дае вялікія магчымасці для рэалізацыі творчых задум. Думаю, да афіцыйнага святкавання тысячагоддзя Брэста тэатр зможа адчыніць дзверы для наведвальнікаў. Плануем зрабіць з гэтага свята", - сказала Тамара Паўлюковіч.

У новым будынку тэатра будзе вялікая і малая глядзельныя залы, у якіх установяць крэслы-трансформеры. Гэта дасць магчымасць людзям рознага росту сядзець на адным узроўні. Трупа тэатра будзе здзіўляць публіку, выкарыстоўваючы шматфункцыянальнасць сцэны. Яе асаблівасці - люкі-правалы з ліфтамі для змены карціны, накладная сцэна дыяметрам 6 м, якая круціцца. На кожным з трох паверхаў будынка размяшчаюцца па чатыры камфартабельныя грымёрныя пакоі, тры з іх прадугледжаны для прыезджых рэжысёраў і акцёраў. Абсталююць рэпетыцыйную залу, тэатральную студыю, некалькі кафэ, у перспектыве - музей.

Работы на аб'екце пачаліся ў чэрвені 2010 года. Заказчыкам будаўніцтва выступае КУП "БрэстаблУКБ", генеральным падрадчыкам - ААТ "Будаўнічы трэст нумар 8". Спецыялісты завяршаюць аддзелачныя работы, паралельна вядзецца мантаж механікі сцэны, светлавога і гукавога абсталявання, закупка мэблі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі