Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
12 жніўня 2015, 13:16

Святлана Васілеўская: У Беларусі распрацоўваюць школьныя падручнікі новага пакалення

Нараканні на якасць і мову выкладання школьных падручнікаў, бадай, былі заўсёды. Часам яны сапраўды апраўданы - некаторыя паняцці ў іх падаюцца так, што абсалютна не выклікаюць у дзяцей зацікаўленасці. Да таго ж некаторыя падручнікі змяшчаюць шмат формул, тэрмінаў і правіл, якія патрэбны толькі спецыялісту ў канкрэтнай сферы. Але ж на выхадзе са сцен школы дзеці павінны мець базавыя веды па розных прадметах. Паглыбляць іх яны будуць ужо на наступнай ступені адукацыі, калі вызначацца з прафесіяй. Ці згодны з гэтым сцвярджэннем у Міністэрстве адукацыі і як у цэлым вырашаецца пытанне забеспячэння якаснымі падручнікамі, карэспандэнту БЕЛТА расказалі прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі Мінадукацыі Беларусі.


Базавы падручнік


Пры пераходзе ў 2008/2009 навучальным годзе на 11-гадовы тэрмін навучання было прад'яўлена патрабаванне, каб для ўсіх вучняў змест адукацыі даваў магчымасць асвойваць веды на адным узроўні - базавым. У такой сітуацыі стварыць падручнік, які задаволіў бы ўсіх без выключэння вучняў, было праблематычна. Выданне павінна было, з аднаго боку, змяшчаць пэўны набор базавых ведаў, а з іншага - даваць магчымасць больш паглыбленага вывучэння прадмета для высокаматываваных вучняў. Вырашэнню праблемы ў многім будзе садзейнічаць увядзенне профільнага навучання, што дасць магчымасць прадастаўляць адукацыю на двух узроўнях - базавым і павышаным, а таксама стварэнне базавага падручніка як зусім новай мадэлі вучэбнага выдання.



Паводле слоў намесніка дырэктара па навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі доктара педагагічных навук Людмілы Худзенка, базавы падручнік па кожным прадмеце будзе прадугледжваць мінімальны неабходны аб'ём тэарэтычнага і практычнага матэрыялу. Гэта значыць, у такім падручніку будзе закладзена дастаткова інфармацыі, неабходнай вучню для засваення прадмета на базавым узроўні. "Да яго прадугледжваецца зрабіць электронныя дадаткі з мадэлямі тэхналагічных, фізічных, геаграфічных, моўных працэсаў і з'яў, а таксама відэарадам вывучаемых аб'ектаў, аўдыязапісамі і інш. Такія дадаткі будуць карысныя ўсім вучням, і ў значнай ступені - тым, хто вывучае прадмет на павышаным узроўні", - сказала спецыяліст.


Цяпер Нацыянальны інстытут адукацыі атрымаў заданне распрацаваць канцэпцыю базавага падручніка. У склад рабочай групы плануецца ўключыць распрацоўшчыкаў зместу адукацыі, аўтараў падручнікаў, метадыстаў, настаўнікаў-практыкаў. Плануецца, што канцэпцыя будзе гатова да кастрычніка 2015 года, пасля чаго пры неабходнасці яе дапрацуюць і дапоўняць. "Пасля зацвярджэння канцэпцыі мы, магчыма, атрымаем заказ на стварэнне макетных узораў такіх падручнікаў", - сказала Людміла Худзенка.


Электронны падручнік-навігатар


Новым тыпам электроннага вучэбнага выдання стане падручнік-навігатар. Ідэя яго стварэння на постсавецкай прасторы актыўна абмяркоўваецца з пачатку 2000-х гадоў. Сёння ў інстытуце ў ходзе аднаго з навукова-даследчых праектаў распрацоўваецца макетны ўзор электроннага падручніка-навігатара па хіміі для 10-га класа.


"Падручнік-навігатар, безумоўна, пашырае магчымасці класічнага вучэбнага забеспячэння. Гіпертэкставая арганізацыя матэрыялу дае магчымасць хутка перайсці да неабходнага раздзела, параграфа, слоўніка або тэставых заданняў. Можна ў выпадку неабходнасці выйсці па спасылцы на рэсурс аддаленага доступу, напрыклад, на сайт або партал, дзе размешчаны іншыя кампаненты вучэбна-метадычнага комплексу (хрэстаматыі, даведнікі, іншы дадатковы матэрыял). Акрамя таго, можна паспрабаваць сябе ў мадэляванні якіх-небудзь працэсаў, калі падручнік змяшчае віртуальную лабараторыю з адпаведнымі магчымасцямі", - расказала начальнік адукацыйнага цэнтра інстытута кандыдат філалагічных навук Ірына Шаўлякова-Барзенка.


Адной з асаблівасцей такога падручніка стане наяўнасць арыгінальнага медыякантэнту. "Педагогі-практыкі запісваюць міні-фільмы з дэманстрацыяй хімічных вопытаў, якія ўвойдуць у змест новага вучэбнага дапаможніка. Гэта будзе арыгінальны прадукт", - падкрэсліла спецыяліст.


У ідэале падручнік-навігатар павінен быць такім, каб яго можна было выкарыстоўваць на розных тыпах электронных устройстваў - пачынаючы ад мабільнага тэлефона і заканчваючы інтэрактыўнай дошкай.


Да канца бягучага года распрацоўшчыкі прадставяць макетны ўзор першага электроннага падручніка-навігатара. Фактычна гэта будзе гатовы падручнік, які ў далейшым пройдзе эксперыментальную апрабацыю ў шэрагу ўстаноў адукацыі рэспублікі. "У гэтым выпадку вельмі важна зваротная сувязь - нам трэба ведаць, як падручнік працуе, наколькі ён эфектыўны, якія кампаненты працуюць лепш, а якія, можа, трэба ўдакладніць, скарэкціраваць", - падкрэсліла Ірына Шаўлякова-Барзенка.


Школьныя падручнікі на бліжэйшы навучальны год


Да пачатку новага навучальнага года вучні Беларусі забяспечаны падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі ў поўным аб'ёме. У 2015/2016 навучальным годзе ў адукацыйным працэсе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будзе выкарыстоўвацца 499 найменняў падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. З іх 249 - ва ўстановах з беларускай мовай навучання і 250 - з рускай.




Сярод вучэбных выданняў ёсць навінкі. Гэта вучэбныя дапаможнікі па кітайскай мове для 10-га класа, па нямецкай і французскай мовах - для 7-га класа гімназій, па англійскай - для 11-га класа гімназій. Таксама выдадзена 14 найменняў вучэбных дапаможнікаў, выкананых на аснове рэльефна-кропкавай сістэмы Брайля, для дзяцей з парушэннем зроку. Падрыхтаваны да выдання рабочы сшытак для пяцікласнікаў па новым вучэбным прадмеце - "Мастацтва. Айчынная і сусветная мастацкая культура".



Перавыданне прайшлі 103 найменні падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Паводле слоў Людмілы Худзенка, вучэбны дапаможнік удасканальваецца з кожным новым перавыданнем. "Арганізуецца доследная праверка ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Усе атрыманыя ад педагогаў заўвагі паступаюць у Нацыянальны інстытут адукацыі, вучэбнае выданне дапрацоўваецца і карэкціруецца", - адзначыла яна.




Дарэчы, у адпаведнасці з інструкцыяй аб парадку падрыхтоўкі і выпуску вучэбных выданняў тэрмін выкарыстання падручнікаў складае ад 4 да 7 гадоў у залежнасці ад колькасці вучэбных гадзін, адведзеных на вывучэнне таго ці іншага прадмета. "Калі вучэбны прадмет вывучаецца 1-2 гадзіны ў тыдзень, то тэрмін выкарыстання падручніка складае 5 гадоў. Калі на вывучэнне вучэбнага прадмета адведзена 4 і больш гадзін, выданне выкарыстоўваецца 4 гады, а вучэбныя выданні, якія неабходны вучням для работы ў класе (напрыклад, зборнікі задач і падручнікі па працоўным навучанні для хлопчыкаў і дзяўчынак), выкарыстоўваюцца на працягу 7 гадоў. Пасля заканчэння гэтага тэрміну падручнікі перавыдаюцца", - сказала начальнік упраўлення вучэбнага кнігавыдання Алена Сігаева.



Спецыялісты таксама развеялі міф аб тым, што ў школах выкарыстоўваюцца ўстарэлыя падручнікі. Штогод Міністэрствам адукацыі зацвярджаецца дакумент з пералікам падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, прыдатных да выкарыстання ў новым навучальным годзе. Калі падручнік папярэдняга года выдання ў гэтым пераліку адсутнічае, ён падлягае спісанню i не выдаецца.


Падрыхтоўка падручнікаў - па новых правілах


З бягучага года змяняюцца падыходы да стварэння падручнікаў на конкурснай аснове. Калі раней аўтарскі калектыў, які пажадаў прыняць удзел у конкурсе, павінен быў падрыхтаваць увесь падручнік "ад вокладкі да вокладкі", то цяпер будзе дастаткова прад'явіць канцэпцыю падручніка і адзін з найбольш складаных раздзелаў вучэбнай праграмы, якія вывучаюцца ў канкрэтным класе. Раздзел вызначыць конкурсная камісія. Таму, хто распрацуе канцэпцыю і раздзел падручніка ў адпаведнасці з устаноўленымі крытэрыямі, будзе прапанавана падрыхтаваць вучэбнае выданне поўнасцю.


"Усе новыя падручнікі пройдуць гэту працэдуру. Мы думаем, гэта павысіць якасць нацыянальных падручнікаў. Галоўнае, каб былі калектывы, якія выкажуць жаданне прымаць удзел у конкурсе. Будзем прыцягваць спецыялістаў, звяртацца ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, прасіць, каб у складзе гэтых калектываў абавязкова былі педагогі-практыкі", - сказала Людміла Худзенка.


Нацыянальны адукацыйны партал


Добрай падмогай у адукацыйным працэсе як для настаўніка, так і вучня можа стаць нацыянальны адукацыйны партал, які быў распрацаваны інстытутам у 2014 годзе.


Акрамя неабходных нарматыўных прававых, навукова- і вучэбна-метадычных матэрыялаў, сёння партал змяшчае каля 200 электронных вучэбных курсаў, створаных у інстытуце па ўсіх вучэбных прадметах з 1-га па 11-ы клас. Кожны з курсаў уключае розныя модулі. Даведачна-інфармацыйны, напрыклад, змяшчае разнастайныя мультымедыйныя рэсурсы, адукацыйныя базы даных, слоўнікі, хрэстаматыі і іншую даведачную інфармацыю. Кантрольна-дыягнастычны модуль прадстаўлены рознымі электроннымі трэнажорамі, практыкумамі, апытальнікамі, задачнікамі, тэсціруючымі сістэмамі, а інтэрактыўны - віртуальнымі вучэбнымі лабараторыямі, рознымі дыдактычнымі гульнямі, камп'ютарнымі мадэлямі, якія даюць магчымасць візуалізаваць вывучаемыя аб'екты.



Магчымасці адукацыйнага партала пераацаніць сапраўды цяжка. Напрыклад, пры вывучэнні матэматыкі настаўнік можа выкарыстоўваць інтэрактыўны модуль з дэманстрацыяй розных мадэлей. Напрыклад, каб растлумачыць тэму "Конус", дастаткова зайсці ў адпаведны раздзел, і на экране з'явіцца мадэль конуса. На ёй настаўнік можа асобна паказаць вось, вяршыню, аснову, радыус, вышыню, восевае сячэнне. Каб начарціць усё гэта мелам на дошцы, ідзе шмат часу, а дзякуючы новым тэхналогіям чарцёж атрымліваецца значна хутчэй і дакладней. Акрамя таго, мадэлі можна круціць, паказваць у лепшым ракурсе, змяняць іх маштаб. Гэтыя магчымасці будуць карысныя не толькі пры тлумачэнні новага матэрыялу, але і на этапе замацавання вывучанага: з дапамогай розных мадэлей настаўнік можа прапанаваць вялікую колькасць новых задач.



Выкарыстоўваць электронныя рэсурсы будзе карысна і на ўроках беларускай літаратуры. Напрыклад, пры вывучэнні ў 8-м класе верша Максіма Багдановіча "Зорка Венера" прадугледжана азнаямленне з такім тэарэтычным паняццем, як раманс. Рэсурс пабудаваны так, што спачатку вучням прапануецца азначэнне гэтага тэрміна ў літаратуразнаўстве, а потым даецца магчымасць супаставіць гэта паняцце з тым, як яно прадстаўлена сродкамі іншага віду мастацтва, напрыклад, музыкі. Гэта дае магчымасць школьнікам лепш зразумець сутнасць раманса як жанру.


Электронныя рэсурсы па ўсіх прадметах будуць карысныя не толькі на ўроках, але таксама на факультатыўных занятках і ў працэсе самастойнай падрыхтоўкі вучня. Усё гэта, упэўнены ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці адукацыйнага працэсу.


Немалаважна і тое, што на партале размешчаны электронныя варыянты ўсіх падручнікаў у PDF-фармаце. Асабліва гэта зручна ў тых выпадках, калі пад рукой няма друкаванага варыянта.


Доступ да партала можа атрымаць любы ўдзельнік адукацыйнага працэсу - вучань, настаўнік, бацькі, кіраўнік установы адукацыі. Для таго каб карыстацца ўсімі магчымасцямі, якія ён прадастаўляе, на рэсурсе рэкамендуецца зарэгістравацца.


На заканчэнне адзначым, што на сённяшні дзень Мінадукацыі ў поўнай меры падрыхтавана да новага навучальнага года. Спадзяёмся, што тыя новаўвядзенні, аб якіх гаварылася вышэй, прынясуць толькі карысць, тым больш што ў тэорыі ўсё выглядае больш чым лагічна і ўзважана. Наколькі эфектыўна будзе рэалізавана ідэя падручнікаў новага пакалення на практыцы, як гаворыцца, пакажа час.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі