Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
30 ліпеня 2015, 17:20

Сяргей Коўтун: Гандляры "жывым таварам" апасаюцца прыязджаць у Беларусь

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый аб'явіла ў 2013 годзе 30 ліпеня Сусветным днём барацьбы з гандлем людзьмі. Ініцыятарам абвяшчэння памятнай даты выступіла менавіта Беларусь, якая адной з першых на постсавецкай прасторы не толькі прызнала наяўнасць гэтай праблемы, але і пачала весці актыўную поўнамаштабную работу па яе ліквідацыі. Процідзеянне гандлю людзьмі ў Беларусі з'яўляецца прыярытэтным напрамкам дзяржаўнай палітыкі і знаходзіцца на асаблівым кантролі Прэзідэнта. Карэспандэнт БЕЛТА паразмаўляла пра беларускія рэаліі транснацыянальнага злачыннага бізнесу, які займае трэцяе па даходнасці месца ў крымінальным свеце, з намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі палкоўнікам міліцыі Сяргеем Коўтунам.


Вынікі дзесяцігадовай барацьбы


Згодна са статыстыкай, больш за ўсё фактаў гандлю людзьмі беларускія праваахоўнікі выявілі ў 2005 годзе, але пазней сітуацыя стабілізавалася. "Калі гаварыць у цэлым, то за апошнія дзесяць гадоў былі ліквідаваны 22 злачынныя арганізацыі і 85 арганізаваных груп, а перад судом паўстала больш як 2 300 трафікёраў. МУС устанавіла, што ахвярамі эксплуатацыі ў гэты перыяд сталі 5 170 чалавек", - канстатаваў Сяргей Коўтун.


Ён адзначыў, што ведамства не толькі захавала, але і прымножыла дадатную дынаміку росту рэзультатыўнасці па лініі процідзеяння гандлю людзьмі. Толькі за шэсць месяцаў 2015 года ўдалося выявіць 472 такія злачынствы, 105 з якіх з'яўляюцца цяжкімі. Гэта на 40 працэнтаў больш у параўнанні з данымі за справаздачны перыяд мінулага года. Акрамя таго, у Мінску была спынена дзейнасць адной арганізаванай злачыннай групы па ўцягненні і выкарыстанні занятку прастытуцыяй, а таксама перакрыты 10 каналаў вывазу "жывога тавару" ў чатыры краіны свету. Устаноўлена, што ад нелегальнага бізнесу са студзеня па чэрвень пацярпелі каля 80 чалавек.


"Цяпер у Беларусі завяршаецца рэалізацыя Праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2013-2015 гады, у якой таксама прадугледжаны меры па процідзеянні гандлю людзьмі. З улікам дасягнутых добрых вынікаў яны ў першую чаргу накіраваны на папярэджанне праблемы, абарону і рэабілітацыю пацярпелых, а таксама процідзеянне актуальным пагрозам: дзіцячай парнаграфіі, педафіліі і прастытуцыі. Хачу заўважыць, што ў папярэдніх дзяржпраграмах акцэнт рабіўся на саму барацьбу з гандлем людзьмі", - падкрэсліў палкоўнік міліцыі.


Сяргей Коўтун таксама звярнуў увагу, што з 2005 года нацыянальнае заканадаўства было значна ўдасканалена і, паводле ацэнкі экспертаў, цяпер з'яўляецца прагрэсіўным, адпавядае міжнародным стандартам. Да гэтага дня беларускі нарматворчы працэс па процідзеянні гандлю людзьмі развіваецца даволі дынамічна. У прыватнасці, з 2012 года ў краіне дзейнічае закон "Аб процідзеянні гандлю людзьмі", а ў студзені 2015 года былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў Крымінальны кодэкс практычна па ўсіх складах злачынстваў па лініі барацьбы з гэтай праблемай. "Сёння ў Крымінальным кодэксе - шэсць складоў злачынстваў за гандаль людзьмі і звязаныя з ім дзеянні. Пакаранне, якое пагражае згодна з санкцыямі некаторых артыкулаў, складае да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Акрамя таго, прадугледжана адказнасць за выраб і распаўсюджванне парнаграфіі (арт. 343), у тым ліку дзіцячай. У гэтым выпадку злачынства можа быць пакарана пазбаўленнем волі на тэрмін да 13 гадоў", - рэзюмаваў намеснік начальніка.


Група рызыкі


"Нягледзячы на тое, што эфектыўныя дзеянні праваахоўнікаў у цэлым знізілі вастрыню праблемы гандлю людзьмі, а інтэнсіўная прафілактычная работа станоўча паўплывала на ўзровень дасведчанасці беларускага грамадства і развеяла міф аб хуткім і лёгкім заработку за мяжой, частка беларускіх грамадзян пагарджае ўласнай бяспекай. Самай неабароненай катэгорыяй нашых суайчыннікаў перад тварам гэтай пагрозы з'яўляюцца маладыя людзі ва ўзросце ад 20 да 25 гадоў, якія не маюць стабільнага афіцыйнага заработку", - прызнае Сяргей Коўтун.


Паводле яго слоў, у большасці выпадкаў беларусы падпадаюць пад сексуальную і працоўную эксплуатацыю. Што ж датычыцца гандлю людзьмі з мэтай забірання органаў і тканак, то адзіны такі выпадак быў выяўлены ў 2010 годзе. "Магу сказаць, што найбольшае распаўсюджванне ў Беларусі атрымала сексуальная эксплуатацыя. Яе зведалі 87,7 працэнта людзей, якія сталі ахвярамі злачыннага бізнесу са студзеня 2002-га па чэрвень 2015 года. Калі браць статыстыку па мінулым годзе, то працэнт знізіўся да 83,5 працэнта. За мінулыя месяцы бягучага года зноў назіраецца рост паказчыка. Цяпер ён складае 94,8 працэнта, але меркаваць аб сітуацыі пакуль рана", - лічыць палкоўнік міліцыі.


Паводле даных МУС, часцей за ўсё беларускіх грамадзян спрабуюць вывезці ў Расію, Германію, Чэхію, Польшчу, Нідэрланды, Літву. Таксама маюць месца выпадкі вывазу беларусаў у дзяржавы Блізкаўсходняга і Арабскага рэгіёнаў, такія як Турцыя, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Ізраіль. Усяго ў спісе больш як тры дзясяткі дзяржаў.


Сяргей Коўтун адзначыў, што сучасныя трафікёры вельмі асцярожныя і стараюцца працаваць дыстанцыйна або праз пасрэднікаў. "Развіццё высокіх тэхналогій і іх шырокае ўкараненне ва ўсе сферы грамадскага жыцця не магло не паўплываць на метады работы тых, хто мае дачыненне да гандлю людзьмі і іншых звязаных з ім злачынстваў. Апошнія гады трафікёры ў пераважнай большасці выпадкаў вярбуюць пацярпелых у віртуальнай прасторы, з дапамогай мабільнай сувязі і іншых сетак перадачы даных", - растлумачыў намеснік начальніка.


Прыязджаць у Беларусь трафікёры апасаюцца нездарма - супрацоўнікі МУС эфектыўна рэагуюць на іх дзеянні. Так, за 2015 год было праведзена сем затрыманняў з доказамі злачынства. Напрыклад, 16 лютага ў Гродзенскім раёне былі затрыманы двое расіян, якія завербавалі дзвюх дзяўчат і спрабавалі вывезці іх у Маскву для заняткаў прастытуцыяй. Аналагічны выпадак здарыўся 23 сакавіка ў Брэсце, калі мясцовую жыхарку затрымалі пры спробе адправіць дзяўчыну на Кіпр для заняткаў прастытуцыяй. Нараўне з перакрыццём міждзяржаўных каналаў трафіка, МУС актыўна змагаецца з уцягваннем і выкарыстаннем прастытуцыі ўнутры краіны. 64 працэнты людзей, якія пацярпелі ад сексуальнай эксплуатацыі ў бягучым годзе, зведалі яе на тэрыторыі Беларусі.


"Для прымусовай работы беларускіх грамадзян у асноўным вывозяць у Расію, Польшчу і Турцыю, аднак і ў Беларусі быў зарэгістраваны выпадак выкарыстання рабскай працы і арганізацыі незаконнай міграцыі. Жыхар Гродзенскай вобласці незаконна ўвёз з тэрыторыі Расіі 16 грамадзян В'етнама і прымушаў іх працаваць у сваёй падсобнай гаспадарцы. У 2014 годзе ён быў асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі", - адзначыў Сяргей Коўтун.


"Калі няшчасце ўсё ж здараецца і чалавек трапляе ў такую сітуацыю, для рэабілітацыі ахвяр гандлю людзьмі дзейнічае шырокая структура дзяржаўных устаноў у сістэме міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, адукацыі, аховы здароўя. Дапамогу аказваюць і ў рэабілітацыйных цэнтрах, так званых шэлтарах, якія працуюць пад патранатам міжнародных і няўрадавых арганізацый. Механізм папярэджання і процідзеяння гандлю людзьмі ў Беларусі дзейнічае эфектыўна і пастаянна развіваецца", - лічыць палкоўнік міліцыі.


Новыя пагрозы


Сяргей Коўтун расказаў, што ў Беларусі атрымлівае распаўсюджванне такая форма гандлю людзьмі, як "секс-турызм". Напрыклад, у Мінску некалькі гадоў таму быў затрыманы грамадзянін Турцыі, які займаўся арганізацыяй "секс-тураў" для сваіх суайчыннікаў. Кошт такога падарожжа на 3-5 дзён складала $1 тыс. Прастытуткі абслугоўвалі кліентаў на здымных кватэрах і катэджах. Ад заработку кожнай турэцкі сутэнёр атрымліваў 50 працэнтаў. Мужчына быў асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі. На жаль, гэты выпадак не з'яўляецца адзінкавым.


Акрамя таго, яшчэ адна страшная агульнасусветная тэндэнцыя - развіццё дзіцячай парнаграфіі - закранула і нашу краіну, але, на шчасце, не набыла пагражальных маштабаў. "Са студзеня па чэрвень бягучага года МУС выявіла 22 злачынствы ў гэтай галіне, 90 працэнтаў з якіх учынялася з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт. Літаральна пару тыдняў таму ў Гродне была затрымана маладая жанчына, якая ўчыняла насільныя сексуальныя дзеянні са сваім шасцігадовым сынам, здымала гэта на камеру і распаўсюджвала відэа на закрытых форумах педафілаў у інтэрнэце. Яшчэ раней аналагічная сітуацыя здарылася ў іншым абласным цэнтры, жыхар якога на працягу чатырох гадоў уступаў у сексуальныя адносіны са сваім малым сынам, здымаючы тое, што адбываецца на відэа, і распаўсюджваючы гэтыя порнаматэрыялы ў сетцы. У 2014 годзе мужчына быў асуджаны на 13 гадоў пазбаўлення волі", - паведаміў намеснік начальніка.


Ён звярнуў увагу, што такія злачынцы актыўна карыстаюцца высокімі тэхналогіямі. Напрыклад, у сацыяльных сетках педафілы шукаюць непаўналетніх ахвяр, а на форумах дзеляцца забароненым відэа. "У мінулым годзе праз інтэрнэт нелегальнае відэа знаходзіла сваю аўдыторыю ў 82,2 працэнта выпадкаў, а за шэсць месяцаў 2015 года лічба вырасла да 93,3 працэнта. Паказчыкі абароту дзіцячай парнаграфіі вагаюцца прыкладна ў такіх жа межах", - канстатаваў Сяргей Коўтун.


Намеснік начальніка адзначыў, што барацьба з педафіліяй з'яўляецца прыярытэтнай задачай Міністэрства ўнутраных спраў: "З пачатку 2015 года толькі нашымі супрацоўнікамі было выяўлена 127 злачынстваў такога характару, 63 з іх трапляюць у разрад цяжкіх і асабліва цяжкіх. Устаноўлены 92 пацярпелыя і 102 падазроныя". Дарэчы, цяпер Міністэрства ўнутраных спраў і беларускі парламент прапрацоўваюць пытанне аб увядзенні крымінальнай адказнасці за калекцыяніраванне дзіцячага порна і так званы "грумінг", гэта значыць псіхалагічную падрыхтоўку дзяцей да сексуальных адносін праз стасункі ў інтэрнэце. Вынікі маніторынгу грамадскай думкі, праведзенага ў 2014 годзе па гэтым пытанні, сведчаць аб тым, што 77 працэнтаў рэспандэнтаў выступаюць за ўзмацненне санкцый адносна педафілаў, прычым 45 працэнтаў з іх падтрымліваюць пакаранне ў выглядзе кастрацыі, а 32 працэнты выказаліся за смяротнае пакаранне або пажыццёвае зняволенне. Крымінальную адказнасць за калекцыяніраванне дзіцячага порна і "грумінг" прапануюць увесці 62 працэнты апытаных.


Міжнароднае супрацоўніцтва


Акрамя актыўнай пазіцыі беларускага грамадства, Сяргей Коўтун не пакінуў без увагі і ініцыятывы Беларусі на міжнароднай арэне па пытаннях барацьбы з гандлем людзьмі. "Беларусь падтрымлівае цеснае супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі і грамадскімі аб'яднаннямі ў барацьбе з гандлем людзьмі. З 2007 па 2013 год сумесна з прадстаўніцтвам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі быў паспяхова рэалізаваны праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Барацьба з гандлем людзьмі: Рэспубліка Беларусь". Цяпер ажыццяўляецца наступны праект, які разлічаны на 3 гады", - растлумачыў намеснік начальніка.


Цікавым фактам з'яўляецца і тое, што наша дзяржава - адзіная краіна, якая, не будучы членам Савета Еўропы, далучылася да яго Канвенцыі "Аб процідзеянні гандлю людзьмі", якая ўступіла ў сілу 1 сакавіка 2014 года. Акрамя таго, сваю актыўную пазіцыю па гэтай праблеме краіна выказвае, з'яўляючыся ўдзельніцай усіх універсальных міжнародных канвенцый у галіне процідзеяння гандлю людзьмі. Нацыянальным дакладчыкам па гэтым пытанні вызначаны міністр унутраных спраў. "Трэба сказаць, што беларускі вопыт барацьбы з гандлем людзьмі, безумоўна, заслужыў аўтарытэт на міжнародным узроўні і прызнаны дастойным вывучэння. З 2007 года ў Акадэміі МУС дзейнічае Міжнародны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі, які з'яўляецца базавай установай адукацыі СНД. З моманту стварэння навучанне ў ім прайшлі каля 1,5 тыс. слухачоў з амаль 30 дзяржаў свету", - рэзюмаваў Сяргей Коўтун.


Ён нагадаў, што 30-31 ліпеня Мінск прымае другі міжнародны семінар для прадстаўнікоў кампетэнтных органаў дзяржаў - членаў Групы сяброў па барацьбе з гандлем людзьмі ААН. Мерапрыемства з'яўляецца адным з ініцыіраваных беларускім бокам тэматычных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Сусветнага дня барацьбы з гандлем людзьмі, які прызначаны максімальна прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы трафікінгу. У фокусе ўвагі прысутных будзе знаходзіцца тэма процідзеяння гандлю дзецьмі з мэтай сексуальнай і працоўнай эксплуатацыі, а таксама дзіцячай парнаграфіі ў інтэрнэце. Эксперты абмяняюцца вопытам у сферы барацьбы з названымі з'явамі, рэабілітацыі і аказання дапамогі пацярпелым. Месцам для сустрэчы стане менавіта Міжнародны навучальны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі. У семінары прымуць удзел прадстаўнікі кампетэнтных органаў Беларусі і яшчэ 15 дзяржаў - членаў Групы сяброў, аўтарытэтных міжнародных арганізацый і грамадзянскай супольнасці.


З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звернуцца першы намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Валянцін Міхневіч і высокапастаўленыя прадстаўнікі міжнародных арганізацый, у тым ліку спецыяльны прадстаўнік / каардынатар АБСЕ па барацьбе з гандлем людзьмі Мадзіна Джарбусынава, дырэктар рэгіянальнага прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі для Паўднёва-Усходняй Еўропы, Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Рэната Хельд. Мерапрыемства арганізавана па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Садзейнічанне ўмацаванню міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння гандлю людзьмі ў кантэксце захавання правоў чалавека", які рэалізуецца Акадэміяй МУС сумесна з МУС, МЗС Беларусі, ПРААН і фінансуецца Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.


Замест заключэння


На прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Сусветнага дня барацьбы з гандлем людзьмі, 27 ліпеня намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў заявіў, што Беларусь працуе на папярэджанне праблемы гандлю людзьмі. "Сіла нашай нацыянальнай мадэлі па барацьбе з гандлем людзьмі ў тым, што Беларусь працуе на папярэджанне гэтай праблемы, а не проста змагаецца з наступствамі", - сказаў ён.


Дзякуючы моцнай палітычнай волі і зладжанай рабоце зацікаўленых органаў дзяржаўнай улады цяпер Беларусь можа ганарыцца тымі поспехамі, якія дасягнуты ў барацьбе з гандлем людзьмі, таму можна з упэўненасцю гаварыць аб тым, што рух адбываецца ў абсалютна правільным напрамку. "Дзеянні Беларусі на міжнароднай арэне з'яўляюцца адлюстраваннем актыўных нацыянальных намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі і накіраваны на пастаяннае падтрыманне ў фокусе Арганізацыі Аб'яднаных Нацый гэтай праблематыкі з мэтай абмену лепшымі сусветнымі практыкамі ў гэтым пытанні", - звярнуў увагу Валянцін Рыбакоў.


Лізавета БЯЦКО

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі