Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
23 сакавіка 2016, 13:18
Аляксандр Забароўскі

Праграма дзейнасці ўрада: шлях да інтэнсіўнага росту эканомікі

Аляксандр Забароўскі
Галоўны саветнік старшыні праўлення Нацбанка

Праграма дзейнасці ўрада на 2016-2020 гады ўнесена на разгляд у Палату прадстаўнікоў. Зразумела, што гэты дакумент - адзін з ключавых, ён з'яўляецца састаўной часткай адзінага пакета праграмных і аператыўных эканамічных мер. У распараджэнні карэспандэнта БЕЛТА з'явіўся даклад першага намесніка міністра эканомікі Беларусі Аляксандра Забароўскага, прысвечаны асноўным палажэнням праграмы і прадстаўлены на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы.

Стратэгічныя мэты і задачы

У праграме канцэнтравана выкладзены напрамкі, меры і механізмы, згодна з якімі плануецца развіваць эканоміку Беларусі, каб да канца пяцігодкі забяспечыць яе рост больш высокім тэмпам, чым сярэднесусветны. "Гэта сістэмная якасная задача, якая мае на мэце рост дабрабыту людзей, стварэнне новых рабочых месц, забеспячэнне дадатнай эканамічнай дынамікі. Яна поўнасцю карэліруе з рашэннямі па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу, якія зацверджаны ўказам нумар 78", - адзначае Аляксандр Забароўскі.

У праграме ўстаноўлены тры базавыя ўмовы эканамічнай палітыкі на сярэднетэрміновы перыяд: забеспячэнне макраэканамічнай збалансаванасці, нарошчванне золатавалютных рэзерваў да бяспечнага ўзроўню і бездаўгавое фінансаванне плацежнага балансу краіны, паступовая выплата знешніх даўгоў.

Так, зніжаць інфляцыю плануецца паступова: да адназначных велічынь прадугледжваецца прыйсці ўжо ў 2017 годзе, з 2020 года яна не будзе перавышаць 5 працэнтаў. Адначасова будуць зніжацца працэнтныя стаўкі ў эканоміцы. Урад разлічвае да канца пяцігодкі выйсці на ўзровень ЗВР не ніжэйшы за трохмесячны імпарт. Для бездаўгавога фінансавання плацежнага балансу і паступовай выплаты сфарміраваных знешніх даўгоў прадугледжваецца дэфіцыт бягучага рахунку плацежнага балансу не большы за 3 працэнты ВУП у год. У 2015 годзе ў няпростых знешніх умовах гэта мэта была практычна дасягнута - удалося сэканоміць каля $3 млрд за кошт рацыянальнага імпартазамяшчэння, палітыкі скарачэння невытворчых і залішніх расходаў.

"Прыведзеныя ўмовы - аснова парадку ў макраэканоміцы. Ім павінны адпавядаць усе прымаемыя рашэнні", - лічыць Аляксандр Забароўскі. Ён падкрэслівае, што ва ўказе нумар 78 устаноўлены дакладныя патрабаванні па гэтым пытанні: Савету Міністраў і Нацыянальнаму банку даручана праводзіць збалансаваную макраэканамічную палітыку, накіраваную на нарошчванне дзяржаўных золатавалютных рэзерваў да эканамічна бяспечнага ўзроўню, а таксама выконваць кароткатэрміновыя даўгавыя абавязацельствы ў замежнай валюце. Навацыяй з'яўляецца іерархічная сістэма кіравання валавым знешнім доўгам, які за 2015 год знізіўся на $1,6 млрд да $38,4 млрд. Згодна з указам, на кожным узроўні кіравання - ад прэм'ер-міністра да кіраўніка прадпрыемства і банка - устаноўлена патрабаванне безумоўнай плацежнай дысцыпліны, асабліва па валютных абавязацельствах.

Аляксандр Забароўскі падкрэслівае, што для выканання задач павінна развівацца рэальная эканоміка. "Паколькі фарміраванне ВУП і напаўненне бюджэту ёсць функцыя даходнасці і эфектыўнасці ўсяго сацыяльна-эканамічнага комплексу", - тлумачыць ён.

Канкурэнтаздольнасць прамысловасці

Аднаўленне канкурэнтаздольнасці прамысловага комплексу і стварэнне новых рабочых месц прадугледжваецца ажыццявіць за кошт максімальнага задзейнічання ўнутраных рэзерваў на кожным канкрэтным прадпрыемстве і стварэння дадатковых сістэмных макраэканамічных і галіновых умоў для эфектыўнай работы.

У сувязі з гэтым Аляксандр Забароўскі перасцерагае зацікаўленых ад дыскусій на тэму таго, што першаснае - унутраныя рэзервы або ўмовы. "Адначасова, ва ўвязцы будуць вырашацца гэтыя задачы, крок за крокам, паколькі без нармалізацыі мікраэканомікі не будзе магчымасці для стабільных макраўмоў. І наадварот", - лічыць ён.

Пры гэтым першы намеснік міністра падкрэслівае, што няма адзінага рэцэпта для ўсіх па зніжэнні затрат і росце рэзерваў: тое, што спрацуе для прадпрыемстваў машынабудавання, наўрад ці будзе эфектыўным для транспартнай або будаўнічай сферы. Разам з тым, агульная задача - гэта балансіроўка бягучых грашовых патокаў і рэфінансаванне абавязацельстваў па крэдытах. "У новых умовах на знешніх рынках гэта сур'ёзны выклік для кіраўніцкіх каманд. Менавіта таму вызначаны і праграмны прыярытэт - чысты прыбытак і зніжэнне сабекошту як галоўныя паказчыкі эфектыўнасці для ўсіх кіраўнікоў", - тлумачыць Аляксандр Забароўскі.

Указ нумар 78 устанаўлівае першачарговыя напрамкі эканоміі: зніжэнне затрат на закупку імпартнай сыравіны, матэрыялаў, камплектуючых; скарачэнне расходаў на ўтрыманне адміністрацыйна-кіраўніцкага апарату; адмову ад доўгатэрміновых капітальных укладанняў у невытворчую сферу, у тым ліку за кошт валютных крыніц. "Размова ідзе, вядома, аб скарачэнні затрат у супастаўных умовах, гэта значыць удзельных затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, работ, паслуг. Вырашэнню гэтай задачы будзе садзейнічаць зніжэнне сыравінных цэн і аслабленне курсаў валют на глабальных рынках", - лічыць Аляксандр Забароўскі.

Банкруцтву насуперак

Пры скарачэнні затрат не абыдзецца без аптымізацыі колькасці, фонду аплаты працы. Але задача мясцовых органаў улады і сацабароны "падхапіць" вызваляемых людзей. Ключавым напрамкам у праграме вызначана стварэнне спецыяльнай каардынацыйнай групы па дзяржпрадпрыемствах, дзе кожнае ў "ручным рэжыме" будзе разгледжана тройкай: крэдытуючы банк - галіновы орган кіравання - эканамічныя ведамствы (Мінэканомікі/Мінфін/Нацбанк).

"Вопыт мінулага года паказаў, што ў такой рабоце мы змаглі забяспечыць дысцыпліну разлікаў і прыняць неабходныя рашэнні па кожным прадпрыемстве, у тым ліку па пытаннях санацыі, кіруемага банкруцтва неплацежаздольных", - адзначае першы намеснік міністра.

У 2015 годзе працэдуры банкруцтва ўзбуджаны адносна 32 дзяржпрадпрыемстваў, у тым ліку ААТ "КІМ" (працуюць больш як 600 чалавек), ААТ "Забудова" (больш як 1,2 тыс. чалавек), ААТ "Магілёўскі завод "Строммашына" (больш як 1,5 тыс. чалавек). На 1 лютага 2016 года працэдуры банкруцтва прымяняюцца на 70 дзяржпрадпрыемствах.

Асобна Аляксандр Забароўскі спыняецца на пытанні банкруцтва і санацыі ў сувязі са спекуляцыямі на гэтай тэме некаторых гора-экспертаў. "Па-першае, ніякага масавага банкруцтва, закрыцця прадпрыемстваў і вызвалення людзей у эканоміцы не прапануецца. Гэта проста абсурдныя сцвярджэнні. Па-другое, страты прадпрыемства і банкруцтва - розныя катэгорыі", - гаворыць ён.

У 2015 годзе ў Беларусі сапраўды ўзрасла колькасць стратных прадпрыемстваў. Але гэта агульнасусветная тэндэнцыя. Так, па выніках мінулага года стратнымі з'яўляюцца не толькі БМЗ, "Гомсельмаш", але і Sony, Deutsche Bank, АўтаВАЗ і іншыя кампаніі. "Вядома, гэта не значыць, што іх трэба банкруціць. Страты - гэта сігнал менеджменту, гэта тэмпература. І ў многіх нашых прадпрыемстваў яна павышана. Па кожным такім выпадку органу, які ажыццяўляе ўладальніцкі нагляд, прадпісана разабрацца і прыняць рашэнне, а менеджменту працаваць строга ў адпаведнасці з устаноўкамі ўказа нумар 78", - тлумачыць Аляксандр Забароўскі. Пры гэтым ён падкрэслівае, што кожны бізнес мае свой жыццёвы цыкл на рынку і з гэтым трэба лічыцца.

Рэгулятар і ўласнік - не адно і тое ж

Яшчэ адным важным напрамкам праграмы і рэзервам Аляксандр Забароўскі называе ўкараненне сістэмы карпаратыўнага кіравання, падзел функцый рэгулятара і ўласніка. Прадугледжваецца рэалізацыя праграмы аб дэпазітарных распісках, правядзенні IPO на міжнародных біржах, выкарыстанні нябанкаўскіх крыніц фандавання інвестыцый. "Гэтыя прапановы Мінэканомікі і Мінфіна некаторыя адыёзныя эксперты і журналісты кваліфікавалі як неактуальныя. Я, вядома, не згодны з гэтым. Сама пастаноўка задачы аб публічным размяшчэнні мінарытарнага пакета, на мой погляд, мае значны эфект. Вядома, на падрыхтаваны менеджмент. Яна патрабуе ад каманды пастаноўкі ўсіх бізнес-працэсаў, укаранення перадавых практык, зразумелай і аргументаванай стратэгіі і тактыкі развіцця прадпрыемства. Тут не будзе імгненнага эфекту. Усе ў свеце канкурыруюць за даступны капітал, але пры правільнай пастаноўцы пытання ў нас ёсць добрыя шанцы. І асабіста я рады, што кіраўнік дзяржавы падтрымаў адпаведныя прапановы ўрада", - гаворыць першы намеснік міністра.

Дыялог з ЕФСР і МВФ

Не абыходзіць Аляксандр Забароўскі і пытанне зніжэння працэнтных ставак у эканоміцы. Ён падкрэслівае, што гэта павінна быць не ручным або дырэктыўным рашэннем. Зніжэнне інфляцыі і скарачэнне льготнага крэдытавання пры росце камерцыйнага станоўча паўплывае на крэдытна-экспартны рынак. Мэтавы ўзровень стаўкі рэфінансавання - не больш як 10 працэнтаў у сярэднім за 2017-2020 гады, 7-8 працэнтаў да канца 2020-га супраць 25 працэнтаў цяпер (з 1 красавіка 2016 года стаўка рэфінансавання знізіцца да 24 працэнтаў).

"Што будзе ў 2016-м? Зніжэнне ставак адбудзецца пры ўмове зніжэння інфляцыйных чаканняў. Важным фактарам для гэтага з'яўляецца рост золатавалютных рэзерваў. Крыніца - дадатны плацежны баланс, у тым ліку прыцягненне знешняга фінансавання. У праграмах з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця і Міжнародным валютным фондам у ліку ключавых параметраў змешчаны менавіта рост рэзерваў", - тлумачыць Аляксандр Забароўскі.

Паводле яго слоў, адабрэнне праграмы з ЕФСР уступіла ў працэдурную плоскасць. Дыялог з МВФ прадоўжыцца ў рамках красавіцкіх сустрэч у Вашынгтоне.

Аляксандр Забароўскі раскрывае формулу, у адпаведнасці з якой Беларусь выбудоўвае адносіны з названымі міжнароднымі арганізацыямі. Яе сутнасць у тым, што праграма дзейнасці ўрада і эканамічная стратэгія сфармуляваны, і калі гэтыя дакументы могуць быць падтрыманы партнёрамі, добра. "Калі не - будзем у дыялогу збліжаць пазіцыі, аргументаваць нашы прапановы, якія ўлічваюць асаблівасці беларускай эканомікі. Мы і, як мне ўяўляецца, нашы калегі з ЕФСР і МВФ не хочам паўтараць памылак, якія былі на шляху інстытуцыянальнай трансфармацыі ў многіх краінах. Усе меры павінны быць вывераны і адпрацаваны, каб не атрымалася перакосаў і неэфектыўнасці, непажаданых сацыяльных вынікаў", - тлумачыць ён.

Вашынгтонскую пляцоўку Беларусь плануе выкарыстаць не толькі для перагавораў з МВФ, але і для правядзення сустрэч з інвестарамі. "Магчымасці для работы на заходніх рынках капіталу ў Беларусі пашыраюцца, і мы, зразумела, плануем гэту работу", - канстатуе Аляксандр Забароўскі.

Упор на інавацыі

У прамысловы блок праграмы ўплецена актыўная інавацыйная стратэгія. Прадугледжваецца, што асноўныя высокатэхналагічныя кампаніі будуць фарміравацца ў Парку высокіх тэхналогій, Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень", іншых навукова-тэхналагічных структурах.

Напрамкі дзейнасці ПВТ плануецца пашырыць за кошт такіх сумежных са сферай IT-галін, як біяінфарматыка, нана- і робататэхніка, інтэрнэт рэчаў (канцэпцыя вылічальнай сеткі фізічных аб'ектаў ("рэчаў"), аснашчаных убудаванымі тэхналогіямі для ўзаемадзеяння адзін з адным або з навакольным асяроддзем, што разглядае арганізацыю такіх сетак як з'яву, якая можа перабудаваць эканамічныя і грамадскія працэсы, выключае з часткі дзеянняў і аперацый неабходнасць удзелу чалавека. - Заўвага БЕЛТА).

Паскоранае развіццё павінны атрымаць фармацэўтыка, біятэхналагічныя вытворчасці, галіны новых матэрыялаў і іншыя сектары вышэйшых тэхналагічных укладаў.

Зніжэнне затрат і рэструктурызацыя энергетыкі і ЖКГ

Прадугледжваецца, што перакрыжаванае субсідзіраванне ў эканоміцы будзе ліквідавана да канца 2018 года. Гэта трэба будзе зрабіць за кошт зніжэння затрат арганізацый, якія аказваюць жыллёва-камунальныя паслугі. У выніку, паводле папярэдніх падлікаў, абаротны капітал прамысловасці будзе павялічаны на Br8 трлн у год. "Гэта значыць, мы выраўноўваем умовы для работы прамысловасці ў параўнанні з нашымі канкурэнтамі ў ЕАЭС у частцы тарыфаў манаполій. Менавіта таму другі блок сістэмных пытанняў праграмы - зніжэнне затрат і рэструктурызацыя энергетыкі і ЖКГ", - адзначае першы намеснік міністра.

Выдаткі манаполій плануецца ўзяць пад строгі кантроль. Прадугледжаны празрысты падзел затрат, іх улік па відах дзейнасці, падзел функцый заказчыка і выканаўцы.

"Ва ўвязцы са зніжэннем затрат у сферы ЖКГ ураду, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму ўказам нумар 78 даручана забяспечыць своечасовае прыняцце рашэнняў па дасягненні ў 2016 годзе ўзроўню кампенсавання затрат насельніцтвам у памеры не меншым за 50 працэнтаў па ўсім комплексе названых паслуг. У выніку дадатковыя даходы ад зніжэння аб'ёмаў перакрыжаванага субсідзіравання застануцца ў прамысловасці і будуць накіраваны на зніжэнне тарыфаў на энергарэсурсы", - тлумачыць Аляксандр Забароўскі.

Паводле яго слоў, на базе Міністэрства гандлю плануецца стварыць магутны антыманапольны орган, які аб'яднае ў сабе функцыі падтрымкі добрасумленнай канкурэнцыі і строгага кантролю затрат манаполій.

Адрасная сацыяльная падтрымка

Прыярытэт праграмы дзейнасці ўрада - развіццё адраснай сацыяльнай падтрымкі грамадзян. Плануецца не пазней за кастрычнік 2016 года ўкараніць мэтавыя адрасныя безнаяўныя субсідыі на аплату жыллёва-камунальных паслуг. "Будзем старацца нават раней. Электроннае субсідзіраванне грамадзян дасць магчымасць узмацніць кантроль за мэтавым выкарыстаннем бюджэтных сродкаў у ЖКГ і энергетыцы", - лічыць Аляксандр Забароўскі.

Указам нумар 78 у 2016 годзе ў рэспубліканскім бюджэце фарміруюцца рэзервы ў памеры да Br8 трлн для аказання мер сацыяльнай падтрымкі асобным катэгорыям насельніцтва. З мясцовых бюджэтаў на гэтыя мэты плануецца накіраваць да Br2,8 трлн, якія будуць сфарміраваны за кошт эканоміі ў ЖКГ.

Стварэнне новых рабочых месц і развіццё бізнесу

У бягучым годзе ў Беларусі павінна быць створана не менш як 50 тыс. новых рабочых месц. Дэталёва прававыя ўмовы, уключаючы бізнес-клімат, гарантыі правоў уласнасці, адлюстраваны ва ўказе нумар 78 і праекце абноўленай Дырэктывы нумар 4. "Дырэктыва дасканала адпрацавана з бізнесам, і гэта вельмі чаканы сёння дакумент", - падкрэслівае першы намеснік міністра.

Асаблівы акцэнт у праграме дзейнасці ўрада зроблены на фінансавых механізмах стварэння новых рабочых месц. На гэтыя мэты актыўна будуць выкарыстаны сродкі міжнародных фінансавых арганізацый, у першую чаргу Сусветнага банка і ЕБРР, аб прыцягненні якіх ёсць дамоўленасці. Новыя прынцыпы работы закладзены ў выкарыстанні кітайскіх крэдытаў. Праз беларускія банкі прыватнаму бізнесу можа быць прадастаўлена каля $1 млрд. Пазычальнікамі выступаюць ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" на суму $700 млн і ААТ "ААБ Беларусбанк" на суму $300 млн. Акрамя таго, у сувязі з новымі магчымасцямі супрацоўніцтва з ЕС з'яўляецца доступ да адпаведных інструментаў і рынкаў. Плюс захоўваецца базавы пакет работы праз спецыяльныя банкаўскія прадукты, у тым ліку Банка развіцця.

"Пытанне пераадолення "інвестыцыйнай паўзы", гэта значыць скарачэння інвестыцый, з'яўляецца ключавым для аднаўлення эканамічнага росту. У інвестыцыйнай палітыцы важным прыярытэтам вызначана павышэнне эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў", - тлумачыць Аляксандр Забароўскі.

У частцы выкарыстання бюджэтных і льготных крэдытных рэсурсаў будзе ажыццёўлены пераход да сектаральнай сістэмы аказання дзяржаўнай падтрымкі. Ільготныя крэдыты на інвестпраекты будуць прадастаўляцца па конкурсе, пры рэалізацыі дзяржпраграм. Банк развіцця стане адзіным каналам ільготнага інвестыцыйнага крэдытавання.

Пры гэтым Аляксандр Забароўскі адказвае на крытычныя каментарыі па гэтым пытанні. "Прынцып просты і адпавядае сусветнай практыцы. Пытанне: як выбраць атрымальніка абмежаваных рэсурсаў? Адказ: аддаць таму, хто хутка прынясе найбольшую аддачу, гэта значыць зыходзіць з тэрміну акупнасці", - канстатуе ён. Вядома, у розных сферах тэрмін акупнасці неаднолькавы, таму ніхто не будзе параўноўваць, напрыклад, АПК і гандаль. Адбор будзе ажыццяўляць Банк развіцця, зыходзячы з праектаў у рамках галіновых праграм. Гэта значыць, канкурыраваць за рэсурсы будуць праекты, якія параўноўваюцца. "Прычым размова не аб усёй эканоміцы. Размова аб мандаце Банка развіцця. Гэта значыць, тых сферах, дзе тэрміны акупнасці вышэйшыя за сярэднія, а прыцягненне рыначных крэдытаў ускладнена. Асноўны інвестыцыйны працэс павінен ісці не з дзяржпадтрымкай, а на камерцыйных прынцыпах", - лічыць ён.

Указам нумар 78 адной з абавязковых умоў доступу да дзяржпадтрымкі вызначана зніжэнне сабекошту. Прадугледжаны роўны доступ і роўныя магчымасці для суб'ектаў гаспадарання ўсіх форм уласнасці.

Прамысловасць у 2016 годзе плануецца прафінансаваць на Br9,5 трлн. На экспартнае крэдытаванне пойдзе Br3,2 трлн, на інвестыцыйныя праекты - Br5,3 трлн, закупку тэхнікі і абсталявання па лізінгавых схемах - Br1 трлн. Яшчэ Br18,5 трлн плануецца выдзеліць на жыллё, дарогі, інфраструктуру, аграпрамысловы комплекс.

"У прынцыпе, ільготнае крэдытаванне не па рыначных стаўках будзе скарачацца з пашырэннем эфектыўнага рыначнага крэдыту. Разам з іншымі мерамі гэта прывядзе да паступовага зніжэння працэнтных ставак у эканоміцы і росту даступнасці крэдытных рэсурсаў", - лічыць Аляксандр Забароўскі. Крэдытная мадэль інвестыцыйнага працэсу паступова павінна трансфармавацца ў мадэль на аснове прамых і партфельных інвестыцый. Гэта ключ да зніжэння даўгавой нагрузкі карпаратыўнага сектара.

Праграма дзейнасці ўрада цесна ўвязана з рэалізацыяй 20 сектаральных дзяржаўных праграм. Сем з іх і дзве трэці ўсяго фінансавання - гэта сацыяльныя пытанні. "Такімі рэсурсамі трэба ўмела распарадзіцца. Стрыжань усяго падыходу - мэтавы характар сацпадтрымкі. Не размазваць усім пакрыху, а кропкава дапамагаць тым, хто сапраўды ў гэтым мае патрэбу", - гаворыць Аляксандр Забароўскі. Плануецца комплексны маніторынг за выкананнем пастаўленых задач, у тым ліку ключавых паказчыкаў эфектыўнасці дзяржпраграм, што дасць магчымасць сістэмна ацаніць вынікі, аператыўна ўносіць змяненні і дапаўненні.

У праграму ўрада ўключаны фундаментальныя напрамкі развіцця эканомікі, у тым ліку дыверсіфікацыя экспарту, інтэграцыя ў Еўразійскім эканамічным саюзе, выкарыстанне магчымасцей супрацоўніцтва з ЕС і КНР, краінамі далёкай дугі.

Ва ўказе нумар 78 замацаваны пытанні мэтавай падтрымкі экспарцёраў, прадастаўлення экспартных крэдытаў Банкам развіцця нерэзідэнтам. "Гэта таксама адно з ключавых палажэнняў праграмы. Па сутнасці, для складанатэхналагічнага экспарту мы ствараем сучасны інструмент падтрымкі. Пры гэтым грошы не выходзяць з краіны, гэта значыць крэдыты для куплі нашых тавараў будуць для нерэзідэнтаў звязанымі. Гэта самая перадавая практыка", - запэўнівае першы намеснік міністра.

Асобны блок пытанняў - сістэма дзяржкіравання і рэгіянальная палітыка, у якім выкладзены ўсе прынцыповыя напрацоўкі па выніках іх актыўнага абмеркавання ва ўрадзе з удзелам кіраўнікоў абедзвюх палат Нацыянальнага сходу. Да 1 чэрвеня 2016 года адпаведныя прапановы плануецца ўнесці кіраўніку дзяржавы.

Праграма як жывы механізм

На заканчэнне Аляксандр Забароўскі адзначае, што праграма дзейнасці ўрада - гэта жывы арганізм, паколькі ў сучасным свеце сітуацыя змяняецца хутчэй за любыя прагнозы. Паводле яго слоў, штогод да 1 красавіка ўрадам будзе фарміравацца зводная справаздача аб выкананні праграмы і дзяржпраграм, што дасць магчымасць комплексна ацэньваць вынікі развіцця краіны і ў выпадку неабходнасці ўносіць змяненні і дапаўненні.

"Эфект ад прынятых ужо мер дасць магчымасць, паводле нашых ацэнак, аднавіць эканамічную дынаміку ўжо ў другім паўгоддзі бягучага года, а ўвесь комплекс прадугледжаных мерапрыемстваў прывядзе да аднаўлення эканамічнага росту ў 2017 годзе і выхаду на тэмпы росту ВУП вышэйшыя за сярэднесусветныя - да 2020 года", - падводзіць вынік Аляксандр Забароўскі.

Юлія ОГНЕВА

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі