Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
22 кастрычніка 2014, 12:48

Наталля Кухарчык: Арэнднае жыллё: ад фарміравання фонду да цаны за квадратны метр

Курс на актыўнае будаўніцтва арэнднага жылля ў Беларусі быў узяты адносна нядаўна: першыя 10 тыс. кв.м былі ўзведзены ў 2012 годзе, у мінулым годзе пабудавалі 53,5 тыс. "квадратаў", план на бягучы год - 320 тыс. кв.м. Цяпер дзейнічае Указ Прэзідэнта Беларусі нумар 563 "Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін", у якім дакладна прапісаны ўсе моманты, звязаныя з атрыманнем і выкарыстаннем арэнднага жылля. Тым не менш, у жадаючых палепшыць свае жыллёвыя ўмовы ўзнікае нямала пытанняў. За каментарыямі да асноўных палажэнняў дакумента карэспандэнт БЕЛТА звярнуўся да начальніка аддзела юрыдычнай работы і кадраў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Наталлі Кухарчык.


Як фарміруецца фонд памяшканняў камерцыйнага выкарыстання (арэнднага жылля)?


Цяпер фонд арэнднага жылля ў Беларусі складае амаль 26,5 тыс. кватэр. Да 1 красавіка 2014 года ў яго былі пераведзены заселеныя службовыя, спецыяльныя службовыя жылыя памяшканнi, некаторыя віды спецыяльных жылых памяшканняў. "Больш як 22 тыс. кватэр - гэта якраз заселеныя жылыя памяшканні, якія згодна з указам нумар 563 былі ўключаны ў разрад камерцыйных з 1 красавіка 2014 года. Астатнія былі заселены пры вызваленні. Гэта значыць недзе выбывалі наймальнікі, свабодны фонд пераводзілі ў разрад камерцыйнага жылля і размяркоўвалі ў адпаведнасці з указам нумар 512 ("Аб некаторых пытаннях выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду". - Заўвага БЕЛТА), які дзейнічаў з 2012 года. Менавіта ён прадугледжваў увядзенне такога паняцця, як жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання", - растлумачыла Наталля Кухарчык.


Пры гэтым яна падкрэсліла, што пасля 1 ліпеня 2016 года жылыя памяшканнi дзяржаўнага жыллёвага фонду, якія не прыватызаваны грамадзянамі, будуць пераведзены ў камерцыйнае жыллё. Да гэтай даты грамадзяне могуць скарыстацца правам на прыватызацыю, пасля прыватызацыя спыняецца.


Хто можа прэтэндаваць на першачарговае атрыманне арэнднага жылля?


На першачарговае прадастаўленне арэнднага жылля маюць права суддзі, пракурорскія работнікі і вызначаны Прэзідэнтам пералік дзяржслужачых; маладыя рабочыя і спецыялісты, якія навучаліся за кошт бюджэту; ваеннаслужачыя; вучоныя, прафесарска-выкладчыцкі склад устаноў вышэйшай адукацыі, работнікі арганізацый культуры. "Акрамя таго, першачаргавікамі з'яўляюцца тыя работнікі, якія пры назначэнні на пасаду былі вымушаны пераехаць з іншага населенага пункта пры ўмове, што з ліку работнікаў у гэтым населеным пункце для займання вакантных пасад няма раўнацэннай замены", - адзначыла Наталля Кухарчык.


Пры гэтым неабходна помніць, што атрымаць арэнднае жыллё ў першачарговым парадку можа толькі грамадзянін, ва ўласнасці ў якога няма ніякай нерухомай маёмасці ў тым населеным пункце, дзе ён плануе здымаць жылплошчу. А вось стаіць ён на ўліку маючых патрэбу або не, значэння не мае.


Для першачаргавікоў зарэзервавана 40 працэнтаў ад агульнай колькасці арэнднага жылля. Астатнія 60 працэнтаў размяркоўваюцца ў агульным парадку. На іх могуць прэтэндаваць як тыя, хто стаіць, так i тыя, хто не стаіць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. "Грамадзяне, якія не стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, могуць прэтэндаваць на арэндныя кватэры ў тым выпадку, калі не знайшлося жадаючых з тых, хто стаіць на ўліку. Вядома, у вялікіх гарадах гэта практычна нерэальна, але такая магчымасць усё ж прапісана", - адзначыла Наталля Кухарчык.


Які парадак прадастаўлення памяшканняў камерцыйнага выкарыстання?


Інфармацыя аб наяўнасці арэнднага жылля размяшчаецца на сайтах (інфармацыйных стэндах) мясцовых выканкамаў. У апісанні павінна быць пазначана ўсё, пачынаючы з падрабязнай характарыстыкі памяшкання і завяршаючы платай за карыстанне. На працягу 15 дзён з моманту размяшчэння грамадзяне маюць права звярнуцца ў адміністрацыю з пісьмовай заявай аб прадастаўленні канкрэтнага жылога памяшкання.


Пасля заканчэння названага тэрміну выканкамы разглядаюць заявы, што паступілі. Тэрмін разгляду - 1 месяц з моманту іх рэгістрацыі. Спачатку разглядаюцца заявы, пададзеныя грамадзянамi, якiя стаяць на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. "Першым атрымае кватэру той, хто стаў на чаргу раней за іншых. Напрыклад, ёсць заявы ад грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу з 1990, 1996, 2000 гадоў. Зразумела, што кватэру атрымае той, хто стаў на чаргу ў 1990 годзе", - канстатавала Наталля Кухарчык.


Калі ж на канкрэтную арэндную кватэру не знайшлося жадаючых, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу, то разглядаюцца заявы ад не маючых патрэбу грамадзян. "У гэтым выпадку значэнне будзе мець дата напісання заявы. Хто раней яе напісаў, той і атрымае арэнднае жыллё", - растлумачыла спецыяліст.


Ці здымуць з чаргі маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, калі скарыстацца правам атрымання арэнднага жылля?


Атрыманне камерцыйнага жылля з'яўляецца формай паляпшэння жыллёвых умоў, за выключэннем прадастаўлення такога жылля на перыяд працоўных (службовых) адносін. Грамадзяне, якім прадастаўляецца камерцыйнае жыллё, здымаюцца з чаргі маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, аднак не ва ўсіх выпадках. "Дапусцім, маладая сям'я хоча пайсці ад бацькоў. Сям'я з трох чалавек можа перасяліцца, напрыклад, у аднапакаёвую камерцыйную кватэру і застацца ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. І наадварот: калі адзін чалавек хоча здымаць у цэнтры горада Мінска пяціпакаёвую кватэру - абмежаванне 15-20 метраў на чалавека на арэнднае жыллё не распаўсюджваецца", - адзначыла Наталля Кухарчык.


На які перыяд складаецца дагавор найму?


Дагавор найму жылога памяшкання камерцыйнага выкарыстання пры наяўнасці працоўных (службовых) адносін заключаецца на перыяд такіх адносін. "Пры гэтым першачаргавік падлягае высяленню з арэнднага жылля на працягу 3 сутак з моманту спынення працоўных адносін. Прадастаўленне іншай жылплошчы не прадугледжана", - канстатавала Наталля Кухарчык.


Калі ж грамадзянін атрымаў арэнднае жыллё ў агульным парадку, то дагавор заключаецца на тэрмін да 5 гадоў. "Але фактычна гэты від дагавора можа стаць бестэрміновым. Калі грамадзянін належным чынам выконвае свае абавязкі згодна з дагаворам - своечасова ўносіць плату, не прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, з ім дагавор павінен быць заключаны на новы тэрмін. І гэта абавязак выканкама - заключыць такі дагавор", - растлумачыла спецыяліст.


Іншая справа, калі арандатар не выконвае сваіх дагаворных абавязацельстваў. Падставай для высялення можа стаць нявыплата за карыстанне памяшканнем і/або прадастаўляемыя жыллёва-камунальныя паслугі. "Два месяцы нявыплаты - і арандатары могуць быць выселены, і таксама без прадастаўлення іншага памяшкання", - адзначыла Наталля Кухарчык.


Колькі каштуе арэнднае жыллё?


Памер платы за карыстанне арэнднымі жылымі памяшканнямі будзе залежаць ад падстаў карыстання. "Вылічаецца плата за карыстанне жылымі памяшканнямі камерцыйнага выкарыстання наступным чынам: базавая стаўка, якая ўстаноўлена Саветам Міністраў, - 0,2 базавай велічыні (цяпер Br30 тыс. з улікам таго, што базавая велічыня складае Br150 тыс.) за квадратны метр, памножаная на каэфіцыент у залежнасці ад добраўпарадкавання і месцазнаходжання жылога памяшкання. Напрыклад, калі мы бяром горад Мінск, цэнтр сталіцы - гэта самы высокі каэфіцыент па рэспубліцы, у такім выпадку названая базавая стаўка памнажаецца на 1,5. У выніку: Br45 тыс. за кв.м", - растлумачыла Наталля Кухарчык.


Разам з тым, для першачаргавікоў і для тых, хто на 1 красавіка 2014 года пражываў у заселеных жылых памяшканнях, якія падлягаюць пераводу ў камерцыйнае жыллё, прымаюцца пад увагу паніжаючыя каэфіцыенты: у Мінску - 0,2, у іншых населеных пунктах рэспублікі - 0,1. Гэта значыць замест Br45 тыс. за кв.м гэтыя асобы будуць уносіць значна меншую плату за карыстанне: у цэнтры Мінска - Br9 тыс. за кв.м.


ЮЛІЯ ДЫЛЯНОК,
БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі