Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
17 чэрвеня 2016, 14:43
Юлія Огнева

Кропкі росту на пяцігодку

Юлія Огнева

Сёння апублікаваны галоўны дакумент пяцігоддзя - асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020гады, які будзе разглядацца на Усебеларускім народным сходзе 22-23 чэрвеня. Дэталёва вывучыўшы дакумент, можна зрабіць выснову, што мэты і задачы пастаўлены амбіцыйныя, але, калі нацэліцца на вынік і нястомна працаваць у напрамку яго дасягнення, няма нічога немагчымага. У гэтым перакананы член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах кандыдат эканамічных навук Валерый Барадзеня. Прычым, на думку парламентарыя, пастаўленыя задачы могуць вырашацца не столькі эканамічнымі метадамі, колькі шляхам змен, якія павінны адбыцца ў свядомасці людзей. У эканоміцы хапае праблем, справіцца з якімі беларусы могуць, аб'яднаўшыся, адказна працуючы на сваім месцы. Пры гэтым Валерый Барадзеня адзначае, што пытанні вырашаюцца і "мы рухаемся сістэмна".

Дасягненні і праблемы папярэдняй пяцігодкі

Адкрываецца праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады падвядзеннем вынікаў папярэдняй пяцігодкі, што цалкам зразумела. Галоўным вынікам называецца захаванне палітычнай стабільнасці, устойлівасці эканомікі і сацыяльнай абароны насельніцтва. Па шэрагу напрамкаў удалося дабіцца значных вынікаў. Так, Беларусь увайшла ў топ-50 краін свету з высокім узроўнем чалавечага развіцця. ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці вырас да $17,7 тыс. З 2014 года ўпершыню за дваццаць гадоў колькасць жыхароў пачала расці.

Але не толькі аб дасягненнях размова. Беларусь - краіна з адкрытай эканомікай, таму дабрабыт моцна залежыць ад знешніх фактараў. Крызіс у Расіі і Украіне моцна ўдарыў па беларускай эканоміцы: попыт на айчынныя тавары скараціўся, канкурэнцыя рэзка вырасла, што прывяло да спаду экспарту, даходаў прадпрыемстваў і бюджэту. У выніку рост ВУП, экспарту, рэальных даходаў быў значна ніжэйшы, чым запланавана. Адбылося запаволенне тэмпаў росту эканомікі. Гэтыя і некаторыя іншыя абазначаныя ў праекце праграмы праблемы "сур'ёзныя, але не катастрафічныя". "Іх пераадоленне стане адной з ключавых задач бягучай пяцігодкі", - гаворыцца ў дакуменце.

Мэты і прыярытэты

У праекце пяцігадовай праграмы вызначана галоўная мэта развіцця краіны - павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця.

Плануецца, што ВУП прырасце на 12-15 працэнтаў, рэальныя грашовыя даходы грамадзян - на 9,5-11,6 працэнта, стаўкі па крэдытах знізяцца да 9-11 працэнтаў. Працягласць жыцця вырасце да 75,3 года. У кожнай беларускай сям'і будзе магчымасць пабудаваць свой дом або кватэру.

Шляхі дасягнення

У праекце праграмы вызначаны інструменты эканамічнай палітыкі, дзякуючы якім удасца рэалізаваць асноўныя мэты і прыярытэты развіцця краіны ў бліжэйшай пяцігодцы. Сярод іх - разняволенне дзелавой ініцыятывы, прыняцце стымулюючых мер для хуткага адкрыцця сваёй справы, зніжэнне інфляцыі і працэнтных ставак, стварэнне паўнацэннага фінансавага рынку, фінансавае аздараўленне рэальнага сектара эканомікі, збалансаваны бюджэт без росту падатковай нагрузкі, мадэрнізацыя адносін уласнасці, павышэнне эфектыўнасці інвестыцый, прыцягненне прамых замежных інвестыцый, эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне, дакладныя крытэрыі ацэнкі кіруючых кадраў.

Напрамкі павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі

У бягучай пяцігодцы прадугледжваецца правесці лічбавую трансфармацыю (інфарматызацыю) эканомікі. Акрамя таго, запланавана комплекснае развіццё нацыянальнай інавацыйнай сістэмы; паскоранае фарміраванне высокатэхналагічнага сектара; зніжэнне затрат і павышэнне якасці прадукцыі; павышэнне канкурэнтаздольнасці традыцыйных галін прамысловасці; забеспячэнне канкурэнтных пераваг у сельскай гаспадарцы; рост эфектыўнасці будаўніцтва, забеспячэнне насельніцтва якасным і даступным жыллём; павышэнне якасці паслуг і зніжэнне затрат у жыллёва-камунальнай гаспадарцы; развіццё транзітнай прывабнасці і індустрыі гасціннасці.

Калі паглыбляцца ў падрабязнасці, то плануецца стварэнне адной з самых сучасных інфраструктур тэлекамунікацый ва Усходняй Еўропе і паўнацэннага электроннага ўрада. Павысіцца роля галіновай і фундаментальнай навукі, будзе забяспечана яе інтэграцыя з вытворчасцю. Стаўка будзе зроблена на індустрыю інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій; атамную і аднаўляльную энергетыку; бія- і нанатэхналогіі; фармацэўтычную прамысловасць; прыборабудаванне і электронную прамысловасць.

З 2019 года плануецца мінімізаваць імпарт электраэнергіі і рэалізаваць міжгаліновы комплекс мер па стымуляванні спажывання электраэнергіі ў сувязі з уводам у эксплуатацыю Беларускай АЭС, а таксама па яе эфектыўнай інтэграцыі ў энергасістэму краіны. Прадугледжваецца прыняць меры па экспарце электраэнергіі ў краіны Еўрапейскага саюза.

Айчынная сельская гаспадарка выйдзе на якасна новы ўзровень развіцця за кошт павышэння фінансавай устойлівасці і тэхналагічнага ўзроўню. Прадоўжыцца работа па прыцягненні ў аграпрамысловы комплекс прыватных інвестараў на прынцыпах акупнасці і эфектыўнасці.

Асноўнымі задачамі развіцця будаўнічага комплексу стануць павышэнне якасці будаўніцтва і зніжэнне каштарыснага кошту будаўніцтва, рост экспарту будаўнічых паслуг. Будуць створаны ўсе неабходныя ўмовы для актывізацыі жыллёвага будаўніцтва грамадзян і юрыдычных асоб. За пяцігоддзе плануецца будаўніцтва 18 млн кв.м жылых памяшканняў.

У 2016 годзе плануецца дасягнуць 50-працэнтнага ўзроўню пакрыцця насельніцтвам затрат па ўсім комплексе жыллёва-камунальных паслуг за кошт зніжэння затрат арганізацый, што аказваюць гэтыя паслугі, і запланаванага павышэння тарыфаў. Пачынаючы з 2017 года павышэнне ўзроўню пакрыцця насельніцтвам затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг будзе ажыццяўляцца ва ўвязцы са зніжэннем затрат на іх аказанне, ростам даходаў насельніцтва.

Развіццё спажывецкага рынку будзе накіравана на максімальна поўнае задавальненне патрэбнасцей насельніцтва ў таварах і паслугах, пераважна айчынных вытворцаў. Удзельная вага харчовых тавараў беларускай вытворчасці ў агульным аб'ёме рознічнага тавараабароту ў 2020 годзе будзе складаць не менш як 85 працэнтаў. Будзе актыўна развівацца сфера грамадскага харчавання.

Арыенцір на рост экспарту і выхад на новыя рынкі

У праекце праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады вызначана, што знешнеэканамічная дзейнасць будзе накіравана на забеспячэнне збалансаванасці знешняга гандлю на аснове апераджальных тэмпаў росту экспарту, выкарыстання канкурэнтных пераваг краіны, эфектыўнага ўдзелу ў міжнародным падзеле працы і інтэграцыйных працэсах.

Важным вектарам знешнеэканамічнай дзейнасці стане аднаўленне прысутнасці на традыцыйных рынках, рост экспарту ў Еўрапейскі саюз, асваенне і замацаванне беларускіх вытворцаў на новых нішах сусветнага рынку.

У лік важнейшых напрамкаў знешнеэканамічнай дзейнасці ў бягучым пяцігоддзі ўваходзіць развіццё эканамічнай інтэграцыі ў ЕАЭС.

Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі застанецца ядром інтэграцыйных працэсаў у рэгіёне СНД.

Дыверсіфікацыя знешніх рынкаў будзе ажыццяўляцца шляхам асваення рынкаў краін Еўрапейскага саюза, ЗША, Лацінскай Амерыкі, Усходняй Азіі, Блізкага Усходу і Афрыкі, актывізацыі супрацоўніцтва з Кітаем і Індыяй.

Галоўнымі індыкатарамі эфектыўнага развіцця знешнеэканамічных адносін з'яўляюцца рост экспарту тавараў і паслуг за пяцігоддзе на 21-25 працэнтаў, перавышэнне тэмпу росту экспарту над імпартам, а таксама пастаўка на экспарт не менш як 65 працэнтаў вырабленай прамысловай прадукцыі.

Развіццё чалавечага патэнцыялу і павышэнне якасці жыцця

Паляпшэнне дэмаграфічнага патэнцыялу краіны і ўмацаванне здароўя народа, забеспячэнне эфектыўнай занятасці насельніцтва, рост рэальных грашовых даходаў, развіццё сістэмы сацыяльнай падтрымкі слабаабароненых катэгорый грамадзян, развіццё фізічнай культуры і спорту, рост якасці і даступнасці адукацыі, развіццё нацыянальнай культуры і творчага патэнцыялу беларускага народа, падтрымка маладога пакалення і яго ўключэнне ў стварэнне эканомікі ведаў - усё гэта вызначана ў праекце пяцігадовай праграмы як асноўныя напрамкі развіцця чалавечага патэнцыялу і павышэння якасці жыцця беларусаў.

Мэтай дэмаграфічнай палітыкі стане стабілізацыя колькасці насельніцтва і павелічэнне чаканай працягласці жыцця. У цэлым вынікам намечаных мер павінна стаць стабілізацыя колькасці насельніцтва на ўзроўні 9,5 млн чалавек.

Мэтанакіраваныя меры актыўнай палітыкі на рынку працы дадуць магчымасць у ходзе структурных пераўтварэнняў эканомікі ўтрымаць афіцыйна зарэгістраванае беспрацоўе ў межах 2 працэнтаў ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

Меры ў галіне аплаты працы будуць накіраваны на паслядоўнае павышэнне яе рэальнага ўзроўню, зніжэнне разрыву паміж аплатай працы работнікаў бюджэтных арганізацый і сярэдняй заработнай платай у эканоміцы. Мэтай развіцця пенсійнай сістэмы з'яўляецца забеспячэнне яе фінансавай устойлівасці і сацыяльна прымальнага ўзроўню пенсій.

Удасканаленне адраснай падтрымкі слабаабароненых катэгорый грамадзян дасць магчымасць захаваць узровень малазабяспечанасці насельніцтва ў сацыяльна прымальных памерах - да 5,5 працэнта ў 2020 годзе.

Галоўным арыенцірам развіцця фізічнай культуры і спорту стане давядзенне колькасці тых, хто займаецца фізічнай культурай і спортам, да не менш як 25 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва ў 2020 годзе. У галіне спорту вышэйшых дасягненняў - падтрыманне спартыўнага рэйтынгу Беларусі на сусветнай арэне па алімпійскіх дысцыплінах на ўзроўні не ніжэйшым за 25-е месца штогод.

Важным напрамкам развіцця адукацыі вызначана ўдасканаленне сістэмы бесперапыннай адукацыі ў мэтах рэалізацыі ў поўным аб'ёме прынцыпу "адукацыя праз усё жыццё".

Развіццё нацыянальнай культуры будзе нацэлена на захаванне культурнай ідэнтычнасці беларускага народа, нацыянальных творчых традыцый, умацаванне станоўчага іміджу Беларусі ў міжнароднай культурнай супольнасці.

Асноўны прыярытэт маладзёжнай палітыкі застанецца нязменным - выхаванне ў маладым пакаленні адданасці незалежнай Беларусі і любові да роднай зямлі.

У рэгіёнах - цэнтры эканамічнага росту

У бягучай пяцігодцы асноўныя намаганні будуць сканцэнтраваны на скарачэнні міжрэгіянальных адрозненняў ва ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва шляхам развіцця сацыяльнай інфраструктуры, паступовага павышэння і выраўноўвання сацыяльных стандартаў.

За кошт канцэнтрацыі рэсурсаў на ключавых напрамках, здольных забяспечыць максімальнае развіццё тэрыторый, эфектыўнага выкарыстання мясцовага рэсурснага патэнцыялу і канкурэнтных пераваг будуць сфарміраваны цэнтры эканамічнага росту, дзе сканцэнтруюцца сучасныя вытворчыя структуры, аб'екты інжынерна-тэхнічнай і сацыяльнай інфраструктуры.

Для рэалізацыі стратэгічных напрамкаў развіцця рэгіёнаў прадугледжваюцца ключавыя праекты з прыцягненнем замежных інвестыцый і ўключэннем у інвестыцыйны працэс неэфектыўна выкарыстоўваемых, а таксама свабодных вытворчых магчымасцей.

Прадоўжыцца работа па развіцці тэрыторый, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, уключаючы правядзенне неабходных ахоўных мерапрыемстваў, а таксама радыяцыйны маніторынг і кантроль радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя і прадукцыі.

Зялёная эканоміка

Галоўная мэта дзяржаўнай экалагічнай палітыкі - стварэнне ўмоў для ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў і зніжэння антрапагеннай нагрузкі на навакольнае асяроддзе. Для яе дасягнення ў бліжэйшай пяцігодцы прадугледжваецца зніжэнне выкіду забруджвальных рэчываў у атмасферу і водныя аб'екты, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання прыродных рэсурсаў, максімальнае ўключэнне адходаў у гаспадарчы абарот у якасці другаснай сыравіны са зніжэннем негатыўнага ўздзеяння аб'ектаў размяшчэння адходаў на навакольнае асяроддзе.

Рэалізацыя вызначаных у праекце праграмы напрамкаў дасць магчымасць істотна ўзмацніць экалагічны складнік сацыяльна-эканамічнага развіцця, стварыць спрыяльныя ўмовы для жыццядзейнасці чалавека, укараніць механізмы зялёнай эканомікі.

Беларусь-2020

У пятай пяцігодцы плануецца спыніць падзенне і вярнуць рост эканомікі, закласці фундамент новай эканомікі, эканомікі ведаў і паслуг.

У краіне зменіцца прававы і інвестыцыйны клімат: у бліжэйшыя два гады для рэалізацыі палажэнняў пяцігадовай праграмы будзе прынята больш як 160 нарматыўных прававых актаў. Крытэрыі ацэнкі кіруючых кадраў будуць удасканальвацца.

Беларусь стане прывабнай для замежнага капіталу і кампаній, якія валодаюць перадавымі тэхналогіямі.

"Мы атрымаем эфектыўнага дзяржаўнага служачага; свабоднага, творчага прадпрымальніка-стваральніка; грамадства, у якім кожны чалавек будзе мець магчымасць сваёй працай зарабіць сабе на дастойнае жыццё і мець цвёрдую гарантыю надзейнай сацыяльнай абароны дзяржавы. Мы абновім нашу родную зямлю, робячы яе ўтульнай і працвітаючай", - падкрэсліваецца ў праекце праграмы.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі