Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
18 верасня 2013, 14:07

Антаніна Ключнікава: Чаму для Турцыі лепш згладзіць канфлікт з Сірыяй?

Апошнім часам сур'ёзна абвастрылася ўнутрыпалітычная сітуацыя ў Турцыі. Нядаўна па ўсёй краіне прайшла хваля антыўрадавых выступленняў. Фармальнымі падставамі сталі гібель 22-гадовага дэманстранта ў паўднёвай правінцыі краіны, планы па будаўніцтву дарогі праз тэрыторыю Блізкаўсходняга тэхнічнага ўніверсітэта (Анкара) і будаўніцтва мячэці ў адным з раёнаў турэцкай сталіцы. Пры гэтым асноўныя заходнія інфармацыйныя крыніцы (ВВС, CNN, Euronews) наўмысна скажаюць рэальную карціну падзей. Сэнс большасці іх каментарыяў зводзіцца да таго, што новая хваля антыўрадавых выступленняў пачалася з-за гібелі юнака і высечкі дрэў для пракладання аўтатрасы. Аднак, як лічаць многія эксперты, пададзеная СМІ інфармацыя не дае магчымасці разабрацца ў сапраўднай прыродзе рэчаў. Дык што ж адбываецца ў Турцыі на самай справе? Якая сапраўдная прычына народных хваляванняў?

Перш чым даць адказы на гэтыя пытанні, неабходна ўявіць маштаб антыўрадавых выступленняў. Так, у Стамбуле праваахоўным органам давялося выкарыстоўваць слёзатачывы газ, рызінавыя кулі і вадамёты. Частка пратэстуючых пачала ўзводзіць барыкады. У Анкары, дзе масавыя выступленні пачаліся пасля падаўлення дэманстрацыі студэнтаў, таксама ў ход пайшлі слёзатачывы газ і вадамёты. У Ізміры паліцыя разагнала каля 2 тыс. дэманстрантаў, якія накіроўваліся да цэнтральнай плошчы. Пратэсты прайшлі і ў іншых гарадах.

Відавочна, адна з прычын таго, што адбываецца - тое, што Турцыя знаходзіцца на грані вайны з суседняй Сірыяй. Людзі адчулі, што краіна паступова ўцягваецца ў чарговую амерыканскую ваенную авантуру, і баяцца за сябе і сваіх блізкіх у святле перспектыў адкрытага ваеннага канфлікту. Прэм'ер-міністр Турцыі заявіў аб рашучай гатоўнасці турэцкай паліцыі да жорсткага рэагавання на развіццё сітуацыі ў краіне.

Пазіцыя, занятая Турцыяй па сірыйскаму канфлікту, мае няпросты характар. Эскалацыя сітуацыі на і без таго ўжо неспакойным Блізкім Усходзе толькі ўскладняе сітуацыю. А падзеі ж у рэгіёне развіваюцца пад наглядам сусветнай супольнасці. І свет у літаральным сэнсе раскалоўся на дзве часткі. Цяпер цяжка знайсці краіну, якая выразна заявіла б аб сваім нейтралітэце.

Хтосьці гаворыць, што жыццё, як цяльняшка: адна паласа чорная, другая - белая. Але прымяняльна да сірыйскага канфлікту, верагодна, жыццё - гэта шахматная дошка. Тут белымі фігурамі гуляе блок, які ўзначальвае Расійская Федэрацыя. Гэта больш дыпламатычная кааліцыя, якая выступае супраць бамбардзіроўкі Сірыі і ваеннага ўмяшання ў справы арабскай дзяржавы. У барацьбе за мір Расію падтрымліваюць Кітай, Іран і многія іншыя. Чорнымі фігурамі на шахматнай дошцы гуляюць Амерыка і яе саюзнікі. У гэту агрэсіўна настроеную кааліцыю ўваходзяць некаторыя краіны Еўрапейскага саюза, арабскія дзяржавы Персідскага заліва, а таксама Турцыя. Прычым пазіцыю Турцыі ў гэтай сітуацыі зразумець і растлумачыць даволі складана.

Турэцкая дзяржава мае найбольш выгаднае геаграфічнае становішча для аказання ўплыву на Сірыю, з якой мяжуе на поўдні. Але ў сувязі з гэтым Турцыя таксама схільная да рэакцыі ў адказ, якая, магчыма, не прымусіць сябе чакаць у выпадку прадаўжэння канфлікту. Тады Турцыі не пазбегнуць розных негатыўных наступстваў. Немалаважную ролю ў гэтай сітуацыі адыгрывае і курдскае пытанне.

Пры гэтым Турцыя, як краіна, якая развіваецца вельмі дынамічна, з'яўляецца важным іграком на Блізкім Усходзе і валодае дастатковай магутнасцю, каб з яе меркаваннем лічыліся Захад і краіны Арабскага свету. Такім чынам, любое развіццё падзей у Сірыі ў той ці іншай ступені павінна быць з ёю ўзгоднена.

Не сакрэт, што ў сітуацыі з Сірыяй Турцыя займае "антыасадаўскую" пазіцыю. Адносіны паміж дзвюма краінамі на гэты час можна ахарактарызаваць як вельмі напружаныя, і ўжо некалькі разоў канфлікт ледзь не перарос у вельмі сур'ёзны.

Аднак, існуюць стрымальныя фактары, у сувязі з якімі ўмешвацца ў сірыйскі канфлікт Турцыі вельмі непажадана. Па-першае, у турэцкім грамадстве да гэтага часу няма згоды па сірыйскім пытанні. Аб гэтым красамоўна сведчаць антыўрадавыя выступленні. Па-другое, у выпадку звяржэння ўрада Башара Асада да ўлады ў Сірыі, хутчэй за ўсё, прыйдуць ісламісты. Малаверагодна, што турэцкая армія будзе актыўна імкнуцца прывесці да ўлады ісламістаў у суседняй краіне. Па-трэцяе, адкрыты ўдзел Турцыі ў сірыйскай ваеннай кампаніі можа справакаваць Іран на актыўныя дзеянні супраць яе. Гэта можа прывесці да актыўных ваенных дзеянняў Захаду супраць Ірана, які ўсяляк падтрымлівае Сірыю. А гэтага Турцыя не жадае. Тым больш што ўсё "дзейства" будзе разгортвацца ў непасрэднай блізкасці ад турэцкай граніцы. Для Турцыі гэта нясе асаблівую небяспеку, паколькі загадзя складана прадказаць, чым можа скончыцца ўзброены канфлікт, у які ўвяжацца ўвесь Блізкі Усход. Нават больш: ужо цяпер можна сказаць, што ў канфлікт у той ці іншай ступені ўцягнуты ўсе краіны Блізкага Усходу і кааліцыі заходніх краін.

Аднак пазіцыю Турцыі ў сірыйскім канфлікце ўсё яшчэ можна змяніць. Як кажуць, лепш позна, чым ніколі. І гэта выслоўе чарговы раз пацвердзілі Злучаныя Штаты Амерыкі, якія, нягледзячы на свае агрэсіўныя настроі, усё ж знайшлі ў сабе сілы прыняць ідэю Уладзіміра Пуціна аб узяцці пад міжнародны кантроль хімічнай зброі ў Сірыі. Верагодна, для ЗША ў гэтым выпадку такое рашэнне было адзіна правільным. Бо як ні круці, а ў сірыйскім канфлікце ЗША на чале з Баракам Абамам выглядалі вельмі няўпэўнена. Асабліва апошнім часам. Пачатак, вядома, уражваў, але паступова ўсю ўпэўненасць Абама неяк страціў. Амерыканскі народ у сваёй большасці намеры прэзідэнта не падтрымаў, кангрэс, які не ўгледзеў у сірыйскім канфлікце якой-небудзь пагрозы нацыянальнай бяспецы ЗША, таксама меў намер галасаваць супраць ваеннага ўмяшання ў справы арабскай дзяржавы. Нават бліжэйшы саратнік - Вялікабрытанія - замест актыўных дзеянняў палічыў за лепшае аказаць выключна дыпламатычную падтрымку. Што ж заставалася ў гэтай сітуацыі рабіць Абаму? Амерыканскі прэзідэнт прыняў ідэю свайго расійскага калегі, назваўшы яе патэнцыяльным прарывам. І гэта рашэнне, на думку сусветнай супольнасці, з'яўляецца правільным і лагічным.

Што ж застаецца рабіць Турцыі? Можа, таксама змяніць агрэсію на лаяльнасць або хаця б нейтралітэт?

Кіраўнік Аналітычнага цэнтра EcooM Сяргей Мусіенка ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА нагадаў, што Турцыя з'яўляецца паўнапраўным членам НАТА. А блок НАТА, як вядома, у цэлым адмовіўся ад ўварвання ў Сірыю і вырашэння праблемы ўзброеным шляхам. "За" выказаліся толькі асобныя дзяржавы. На думку Сяргея Мусіенкі, у гэтым выпадку для турэцкага кіраўніцтва найбольш аптымальнае выйсце - спыніцца, задумацца, параіцца з партнёрамі па НАТА... І ўжо затым вырашаць: ці сапраўды сітуацыю ў Сірыі можна вырашыць толькі пры дапамозе ваеннага ўмяшання? Ці сапраўды так важна для Турцыі развіваць сірыйскі канфлікт на фоне такога яркага і актыўнага праяўлення народнага незадавальнення? "Спадзяюся, сілы розуму возьмуць верх", - адзначыў субяседнік.

Рабіць прагнозы адносна таго, як хутка вырашацца праблемы, пакуль складана. Тым больш што згодна з расследаваннем экспертаў ААН хімічная зброя ў прыгарадзе Дамаска сапраўды прымянялася. А вось хто яе прымяняў - мяцежнікі або ўрадавыя войскі - гэта ўжо іншае пытанне, адказ на якое знайсці значна складаней.

Нам як пабочным назіральнікам за сітуацыяй застаецца толькі чакаць і спадзявацца, што запал паступова сцішыцца, белыя і чорныя фігуры на шахматнай дошцы змогуць дамовіцца без прымянення сілы. Усё ж такі мір, якім бы складаным ні было яго заключэнне, у любым выпадку лепш, чым вайна. Крывавыя разборкі непазбежна прывядуць да шматлікіх ахвяр, у тым ліку сярод мірнага насельніцтва.

Антаніна Ключнікава
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі