Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
19 чэрвеня 2015, 13:36

Алена Кішкурна: "Пластык" у Беларусі ўсё больш уваходзіць у моду

Развіццё сістэмы безнаяўных плацяжоў - адна з асноўных задач фінансавай палітыкі Беларусі на кароткатэрміновы і сярэднетэрміновы перыяды. За апошнія гады работы ў гэтым напрамку ўдалося дабіцца пэўных поспехаў: паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта за першы квартал 2015 года доля безнаяўнага абароту ў аб'ёме платных паслуг, аказаных насельніцтву, дасягнула 25,2 працэнта (за 2012 год - 11,8 працэнта), у рознічным тавараабароце арганізацый гандлю і грамадскага харчавання - 23,8 працэнта (13,2 працэнта). Для актывізацыі работы прыняты і рэалізуецца План сумесных дзеянняў дзяржаўных органаў і ўдзельнікаў фінансавага рынку па развіцці ў Беларусі сістэмы безнаяўных разлікаў па рознічных плацяжах з выкарыстаннем сучасных электронных плацежных інструментаў і сродкаў плацяжу на 2013-2015 гады. Больш падрабязна аб праведзенай рабоце і перспектывах карэспандэнту БЕЛТА расказала намеснік начальніка ўпраўлення электронных плацежных інструментаў Галоўнага ўпраўлення развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій Нацыянальнага банка Алена Кішкурна.


За перыяд рэалізацыі плана значна пашыраны пералік арганізацый гандлю (сэрвісу), у якіх павінны быць устаноўлены тэрміналы для правядзення насельніцтвам аплаты з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак. У цэлым па краіне работа павінна завяршыцца да 1 ліпеня 2017 года. Акрамя таго, спачатку на рэкамендацыйным, а затым і на нарматыўным узроўні ўведзены прынцып "нулявой" адказнасці кліентаў пры спісанні грашовых сродкаў без згоды трымальнікаў картак з іх рахункаў у выніку махлярства. Таксама з 1 ліпеня 2015 года пачнецца паэтапны пераход на выпуск банкамі ў абарачэнне картак з мікрапрацэсарам стандарту EMV (чыпавых). У мэтах павелічэння долі безнаяўных разлікаў прыняты ўказ, якім з 19 красавіка бягучага года ўстаноўлены гранічны памер плацяжу наяўнымі грашыма ў памеры 1 тыс. базавых велічынь (цяпер адна базавая велічыня складае Br180 тыс.).


Паводле слоў Алены Кішкурна, у насельніцтва адным з найбольш актыўна прымяняльных плацежных інструментаў для правядзення безнаяўных плацяжоў з'яўляецца картка. "Цяпер беларускімі банкамі выпускаюцца ў абарачэнне карткі ўнутранай плацежнай сістэмы БЕЛКАРТ, міжнародных плацежных сістэм VISA і MasterСard. Банкі абслугоўваюць у арганізацыях гандлю (сэрвісу) аперацыі з выкарыстаннем картак названых плацежных сістэм, а таксама міжнародных плацежных сістэм American Express і UnionPay", - канстатавала яна.


На 1 красавіка 2015 года колькасць выпушчаных у абарачэнне картак склала 12,3 млн адзінак, з якіх БЕЛКАРТ - 42,9 працэнта, VISA – 42,7 працэнта, MasterCard – 14,4 працэнта. Пры гэтым доля актыўных картак (з выкарыстаннем якіх на працягу квартала праведзена хаця б адна расходная аперацыя) склала 62,1 працэнта ад агульнай колькасці. "Гэта сведчыць аб даволі актыўным іх выкарыстанні насельніцтвам", - падкрэсліла Алена Кішкурна.


Пераважную колькасць картак, якія знаходзяцца ў абарачэнні, складаюць карткі з магнітнай паласой. Аднак доля чыпавых картак расце, на 1 красавіка 2015 года яна перасягнула 17 працэнтаў, павялічыўшыся больш як у два разы ў параўнанні з аналагічным паказчыкам першага квартала 2014 года. "Пераход на карткі з чыпам павышае бяспеку аперацый з выкарыстаннем гэтага плацежнага інструменту", - падкрэсліла спецыяліст.


Алена Кішкурна нагадала, што з 2014 года развіваецца сумесны праект плацежных сістэм БЕЛКАРТ і MasterCard, які прадугледжвае магчымасць эмісіі кабэйджынгавых картак БЕЛКАРТ-Maestro. "Гэтыя карткі прадастаўляюць іх трымальнікам магчымасць правядзення аперацый як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі, у тым ліку пры аплаце пакупак у інтэрнэт-магазінах. Кабэйджынгавыя карткі аснашчаны не толькі магнітнай паласой, але і чыпам", - растлумачыла яна.


Таксама спецыяліст канстатавала, што беларускія банкі выпускаюць у абарачэнне віртуальныя карткі і рэкамендуюць выкарыстоўваць іх пры разліку ў інтэрнэце - для павышэння бяспекі: "Віртуальная картка з лімітаванай сумай на рахунку, неабходнай для разавых плацяжоў за тавары (паслугі), спецыяльна прызначана для гэтых мэт".


Яшчэ адна тэндэнцыя - рост колькасці бескантактных картак, якія даюць магчымасць праводзіць плацяжы хутчэй і зручна, што асабліва актуальна ў пунктах хуткага абслугоўвання, дзе неабходна максімальная хуткасць правядзення аперацыі аплаты.


"Кліенты беларускіх банкаў ужо змаглі ацаніць перавагі прапанаваных банкамі кабрэндынгавых картак, якія сумяшчаюць у сабе якасці банкаўскай і дысконтнай карткі, адкрываюць новыя магчымасці атрымання кліентамі дадатковых бонусаў і скідак, даюць магчымасць павялічваць аб'ёмы безнаяўнай аплаты тавараў і паслуг, што адпавядае дзяржаўнай палітыцы па павелічэнні долі безнаяўных рознічных плацяжоў", - адзначыла Алена Кішкурна.


Відавочна, што павелічэнне колькасці выпуску і выдачы банкаўскіх картак не мае сэнсу без развіцця інфраструктуры іх прыёму. Актыўная работа вядзецца і ў гэтым напрамку. Так, калі на 1 студзеня 2013 года ў арганізацыях гандлю (сэрвісу) было ўстаноўлена 56,8 тыс. плацежных тэрміналаў, то да 1 красавіка 2015 года лічба дасягнула 91,4 тыс. адзінак. Акрамя таго, узрасла колькасць арганізацый гандлю (сэрвісу), аснашчаных плацежнымі тэрміналамі, - з 37 тыс. да 65,5 тыс. Алена Кішкурна канстатавала, што 78,8 працэнта тэрмінальнага абсталявання, якое функцыянуе, банкі ўстанавілі за свой кошт.


Таксама спецыяліст адзначыла значнае паляпшэнне паказчыка колькасці картак на адзін плацежны тэрмінал у арганізацыі гандлю (сэрвісу). Калі на 1 студзеня 2013 года нагрузка складала 184 карткі, то на 1 красавіка 2015 года - 134 карткі.


Доля плацежных тэрміналаў, якія прымаюць карткі з чыпам, ужо дасягнула 94,4 працэнта, банкаматаў - 97,1 працэнта. "Паступова павялічваецца доля абсталявання, якое абслугоўвае бескантактныя карткі", - запэўніла Алена Кішкурна.


Для вырашэння праблемы аснашчэння плацежнымі тэрміналамі індывідуальных прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу ўкараняюць М-POS тэрміналы замежнай і айчыннай вытворчасці. "Такі тэрмінал уяўляе сабой электроннае ўстройства, падключанае да смартфона ці планшэта, з дапамогай якога можна ажыццявіць рэгістрацыю аперацыі аплаты з выкарыстаннем карткі ў любой кропцы краіны, дзе ёсць сотавая сувязь. Тэрмінал працуе ў анлайн-рэжыме, імгненна счытваючы інфармацыю з магнітнай паласы або чыпа карткі, адпраўляе яе ў працэсінгавы цэнтр для апрацоўкі. Эфектыўнасць работы гэтага ўстройства такая ж, як і ў прывычных для спажыўцоў плацежных тэрміналаў, якія ўстаноўлены ў АТС, а кошт значна ніжэйшы", - растлумачыла спецыяліст.


Таксама, паводле яе слоў, банкі актыўна развіваюць сістэмы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання (інтэрнэт-банкінг, SMS-банкінг, мабільны банкінг, ТБ-банкінг і іншыя). Доля аперацый, праведзеных пры дапамозе такіх каналаў, на 1 красавіка 2015 года па колькасці і суме аперацый дасягнула 16,1 працэнта і 18,9 працэнта адпаведна.


"Актыўна развіваецца ў Беларусі адзіная разліковая і інфармацыйная прастора (АРІП). Пашыраны пералік удзельнікаў, што маюць права прыёму плацяжоў за аказаныя паслугі пры дапамозе АРІП, уключаны фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць дзейнасць, што не адносіцца да прадпрымальніцкай (рамесная, натарыяльная, сфера аграэкатурызму, рэпетытарства). Прадастаўлена магчымасць прыёму ахвяраванняў на дабрачынныя рахункі, а таксама плацяжоў, што вынікаюць з грамадзянска-прававых адносін, у тым ліку плацяжоў па прадастаўленых пазыках і крэдытах, папаўненні дэпазітных і іншых банкаўскіх рахункаў", - адзначыла Алена Кішкурна.


Пры гэтым спецыяліст падкрэсліла, што рост долі безнаяўных плацяжоў у структуры рознічнага тавараабароту магчымы пры ўмове фарміравання даверу спажыўца да сучасных плацежных інструментаў і павышэння зацікаўленасці насельніцтва захоўваць грошы на рахунках, да якіх выпушчаны карткі. Каб гэты давер сфарміраваць, банкі сумесна з плацежнымі сістэмамі праводзяць рэкламна-інфармацыйныя кампаніі, акцыі і прэс-канферэнцыі аб безнаяўных плацяжах з выкарыстаннем картак і новых картачных прадуктах; спецыялізаваныя семінары з удзелам работнікаў гандлёвых прадпрыемстваў, рэспубліканскіх, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады; сустрэчы з прадстаўнікамі працоўных калектываў; праграмы лаяльнасці па прадастаўленні скідак трымальнікам картак пры аплаце за тавары і паслугі.


Трэці год запар банкі прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні Тыдня фінансавай адукаванасці дзяцей і моладзі (Global money week), у час якога ва ўсіх рэгіёнах краіны арганізуюцца тэматычныя адукацыйныя мерапрыемствы для падрастаючага пакалення: урокі фінансавай адукаванасці, лекцыі, прэзентацыі, віктарыны, конкурсы, семінары, трэнінгі, дні адкрытых дзвярэй, арганізоўваюцца экскурсіі па банкаўскіх установах. Інфармацыя аб мерапрыемствах размешчана на сайце www.fingramota.by, падтрымку якога забяспечвае Нацыянальны банк.


"Рэгулятарамі сумесна з бізнес-супольнасцю будзе прадоўжана актыўная работа па развіцці ў Беларусі сістэмы безнаяўных рознічных плацяжоў у мэтах павышэння якасці абслугоўвання насельніцтва, укаранення прагрэсіўнага міжнароднага вопыту, павышэння празрыстасці аперацый суб'ектаў гаспадарання і ўмацавання эканамічнага патэнцыялу нашай краіны", - канстатавала Алена Кішкурна.


Юлія ДЫЛЯНОК,
БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі